Францішак заклікаў вернікаў цалкам даверыцца Духу Святому
Маліцца аб дарах Духа Святога і Яго дапамозе заставацца заўсёды сапраўднымі хрысціянамі, - заахвоціў Францішак, звяртаючыся да вернікаў на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 27 мая 2020 г. прайшла ў Ватыкане.
“У атмасферы падрыхтоўкі да ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, якая ўжо зусім блізка, заклікаю вас заўсёды быць паслухмянымі Яго справе, каб ваша жыццё было пастаянна распаленым і асвечаным любоўю, якую Дух Божы ўлівае ў сэрцы”, - сказаў Папа.
Францішак нагадаў, што Дух Святы аднаўляе ў людзях любоў да Хрыста. “Няхай Дух любові напоўніць нашыя сэрцы, каб былі няспынна скіраваныя да Пана ў малітве”, - пажадаў ён.
Пантыфік заклікаў прасіць Духа Святога, каб Ён сваімі дарамі дапамагаў хрысціянам крочыць наперад. “У гэты складаны перыяд будзем маліцца словамі, якія св. Ян Павел ІІ прамовіў у Варшаве: “Няхай сыдзе Дух Твой і адновіць аблічча зямлі! Гэтай зямлі”, - заахвоціў вернікаў Францішак.
27 мая 2020, 12:02