Пантыфік духоўна далучыцца да ўрачыстасцей у Лухане
Пантыфік падкрэсліў, што ў гэты дзень духоўна скіруецца ў Лухан, каб адведаць Багародзіцу. “Я пагляджу на яе яшчэ раз і яшчэ раз дазволю Ёй паглядзець на мяне сваім матчыным позіркам, які абнаўляе, атуляе клопатам, дае сілы”, - напісаў Папа ў звароце да арцыбіскупа Лухана Хорхэ Шэйніга.
Святы Айцец заўважыў, што такім чынам ён не будзе самотным, а злучыцца са святым і верным Божым народам. Францішак запэўніў, што разам з вернікамі, будзе размаўляць з Багародзіцай аб іх турботах і радасцях, будзе прасіць аб абароне для ўсіх.
“Будучы грэшнікам, я папрашу, каб Яна адарыла нас ласкай здольнасці заўсёды прасіць прабачэння, ніколі не стамляцца прасіць прабачэння… бо ведаем, што яе Сын ніколі не стамляецца прабачаць”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Маці Божая Луханская з’яўляецца апякункай Аргентыны, Уругвая і Парагвая. Яе цудатворная фігурка захоўваецца ў базыліцы Маці Божай у мястэчку Лухан, у правінцыі Буэнас-Айрэс у Аргентыне. 60-сантыметровая тэракотавая статуэтка была зроблена каля 1630 г. У 1887 г. яна была каранавана папскімі каронамі. Санктуарый Маці Божай у Лухане штогадова становіцца мэтай падарожжа мільёнаў пілігрымаў з розных краін Лацінскай Амерыкі.