1590913968147.JPG

Папа: няхай Дух Святы зробіць нас будаўнікамі адзінства

Калі мы будзем пакорна любіць, бескарысліва і радасна служыць, то падорым свету сапраўдны вобраз Бога. Дух Святы нагадвае, што мы народжаны з дару і ўзрастаем, калі аддаём, - лічыць Папа.

31 мая 2020 г., ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, Пантыфік узначаліў св. Імшу ў базыліцы св. Пятра.

У гаміліі Папа пракаментаваў настаўленні св. Апостала Паўла адносна харызматаў Духа Святога (1 Кар 12,4-11). Па словах Францішка, з тэксту вынікае, што “Дух Святы – гэта той Адзіны, які збірае розных людзей разам”, і што “менавіта так нарадзіўся Касцёл: нас, розных, аб’яднаў Дух Святы”.

Так было з самага пачатку – дастаткова паглядзець на розныя паходжанні і сацыяльны статус, розныя характары, погляды і ўспрыімлівасць першай супольнасці Апосталаў. Аднак Езус “пакінуў іх разнастайнасць і цяпер аб’ядноўвае праз намашчэнне Духам Святым”. “Адзінства прыходзіць з намашчэннем”, - сказаў Папа.

Сучасны Касцёл, па словах Святога Айца, увасабляе такую ж разнастайнасць “меркаванняў, выбараў, успрыімлівасці”. Аднак калі мы ваяўніча абараняем уласныя погляды і ладзім толькі з тымі, хто іх падзяляе, то гэта “вера, заснаваная на нашых уяўленнях, а не тая, якой жадае Дух Святы”.

Папа заклікаў глядзець на Касцёл вачыма Духа Святога, які нагадвае, што мы з’яўляемся ўлюбёнымі дзецьмі Божымі і маем адзінага Пана, Езуса, і адзінага Айца, і таму даводзімся адзін аднаму братамі і сёстрамі.

“Свет бачыць нас левымі і правымі; Дух Святы бачыць нас Божымі і Хрыстовымі. Свет бачыць кансерватараў і прагрэсістаў; Дух Святы бачыць дзяцей Божых. Секулярны погляд бачыць структуры, якія імкнецца зрабіць больш эфектыўнымі; духоўны погляд бачыць братоў і сясцёр, якія прагнуць міласэрнасці”

, - заўважыў Пантыфік.

Нарэшце, па яго словах, Дух Святы дае адзінства тым, хто прапаведуе. Так, першай справай Касцёла, якую выявіў дзень Пяцідзясятніцы, стала абвяшчэнне. Але Апосталы не распрацоўвалі стратэгій, не мелі душпастырскага плана: Дух Святы штурхаў іх па-за межы “баязлівай і пільнай веры”. І яны ішлі, натхнёныя адзіным жаданнем: “даваць тое, што атрымалі”.

Такім чынам, сакрэт Духа Святога, які ёсць адзінствам, заключаецца менавіта ў тым, што гэта дар: Ён “дзейнічае не забіраючы, але даючы”.

Францішак адзначыў, што важна ў гэта верыць, бо ад таго, якім мы ўяўляем Бога, залежыць, якімі вернікамі з’яўляемся. Пры гэтым ён заклікаў маліцца, каб Дух Святы вызваліў ад трох галоўных ворагаў здольнасці даваць: ад самалюбства, паказной ахвярнасці і песімізму.

Свае разважанні Францішак завяршыў малітвай да Духа Святога, просячы, каб Ён вызваліў хрысціян “з паралічу эгаізму” і зрабіў “будаўнікамі адзінства”.

31 мая 2020, 10:56