Ватыкан: Папа правядзе малітву на Ружанцы
Набажэнства арганізуе Папская рада па новай евангелізацыі. Падчас яго будзе наладжана сувязь з найбуйнейшымі санктуарыямі: у Еўропе – з французскім Лурдам, партугальскай Фацімай, італьянскімі Сан-Джавані Ратонда і Пампеямі, а таксама польскай Чэнстаховай; у Злучаных Штатах – з Вашынгтонам; у Афрыцы – з нігерыйскім Элеле і Ямусукра ў Кот-д’Івуары; у Лацінскай Амерыцы – з мексіканскім Гвадэлупэ, калумбійскім Чыкінкіра і Луханам і Мілагра ў Аргентыне.
Асобнымі дзясяткамі Ружанца будуць маліцца прадстаўнікі розных груп, якія асабліва пацярпелі ад каронавіруса: урач і медсястра; вылечаны і той, хто страціў члена сям’і; святар, бальнічны капелан і законніца; фармацэўт і журналіст; валанцёр грамадзянскай абароны са сваёй сям’ёй; маладая сям’я, у якой нарадзілася дзіця ў гэты час, знак надзеі і перамогі жыцця над смерцю, - паінфармавала Папская рада па новай евангелізацыі.
Традыцыю завяршаць май ружанцовай малітвай ля Лурдскага грота, размешчанага ў Ватыканскіх садах, увёў у 1979 г. св. Ян Павел ІІ.