Пантыфік заклікаў да паважання свабоды сумлення
“Сёння адзначаецца Дзень свабоды сумлення, натхнёны сведчаннем партугальскага дыпламата Арысцідэша дэ Соўза Мендэша. Каля 80-ці гадоў таму ён вырашыў пайсці за голасам свайго сумлення і ўратаваў жыццё тысяч яўрэяў і людзей іншых нацыянальнасцей, якія падвяргаліся пераследу”, - сказаў Папа 17 чэрвеня 2020 г.
“Няхай свабода сумлення паважаецца заўсёды і ўсюды; і няхай кожны хрысціянін дае прыклад паслядоўнасці дзякуючы чыстаму і асвечанаму Божым словам сумленню”, - дадаў Святы Айцец, завяршаючы агульную аўдыенцыю ў Ватыкане.
Арысцідэш дэ Соўза Мендэш, партугальскі дыпламат, выдаў каля 30 тыс. віз уцекачам ад рэжыму нацыстаў. Нярэдка ён асабіста суправаджаў яўрэяў да памежных пунктаў на французска-іспанскай мяжы. За дзейнасць насуперак прамым указанням партугальскага кіраўніцтва Соўза Мендэш быў звольнены са службы. Ён памёр у беднасці ў Лісабоне ў 1954 г. У 1966 г. яго прызналі Праведнікам народаў свету. У 1995 г. быў рэабілітаваны на Радзіме і пасмяротна атрымаў Ордэн Свабоды – адну з самых высокіх узнагарод Партугаліі.