Папа: Бог кліча быць прарокамі і будаўнікамі адзінства

Быць жывымі камянямі для будавання Касцёла і адноўленага чалавецтва, - заклікаў Францішак вернікаў падчас св. Імшы, якую цэлебраваў у Ватыкане 29 чэрвеня 2020 г., ва ўрачыстасць св. Пятра і Паўла.

На пачатку літургіі Папа памаліўся перад фігурай св. Пятра ў базыліцы, а затым ля магілы апостала, якая знаходзіцца пад галоўным алтаром. Затым Пантыфік благаславіў паліі для Мітрапалітаў, прызначаных на працягу года, і для новаабранага дэкана Калегіі Кардыналаў, кардынала Джавані Батысты Рэ, на якога асабіста наклаў яго пасля складання прысягі.

У гаміліі Францішак заўважыў, што апосталы Пётр і Павел быў рознымі, але адчувалі сябе братамі, членамі адной сям’і. Спасылаючыся на літургічнае чытанне, Папа заўважыў, што калі Касцёл перажываў пераслед, а Пётр знаходзіўся ў няволі, вернікі не разбегліся, але маліліся разам.

“З малітвы чэрпаецца адвага, з малітвы паходзіць еднасць, большая за любую пагрозу. Тэкст кажа, што “Пятра вартавалі ў цямніцы, а Касцёл рупліва маліўся за яго да Бога” (Дз 12,5). Еднасць – гэта прынцып, які актывізуецца малітвай, бо малітва дазваляе Святому Духу ўмяшацца, адкрыць на надзею, скараціць адлегласць, трымацца разам падчас цяжкасцей”, - сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што менавіта малітва павінна яднаць у складаныя часы, бо “нараканні нічога не змяняюць”, а “малітва разрывае кайданы”, “малітва пракладае шлях да еднасці”.

Пантыфік заўважыў таксама, што Бог правакаваў Пятра і Паўла, але затым зрабіў аднаго скалой, на якой збудаваў Касцёл, а другога – апосталам язычнікаў. Папа заклікаў вернікаў адкрывацца на Божыя сюрпрызы, каб станавіцца прарокамі, каб сведчыць, быць “пастырамі, закаханымі ў Бога”.

“Падобна да таго, як Пан перамяніў Сымона ў Пятра, так Ён кліча кожнага з нас станавіцца жывымі камянямі, з якіх будзе будавацца Касцёл і абноўленае чалавецтва”, - сцвердзіў Святы Айцец.

 

29 чэрвеня 2020, 11:22