Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа да каталіцкіх СМІ: дапамагаць глядзець вачыма Духа

30 чэрвеня 2020 г. Папа скіраваў пасланне да членаў амерыканскай Асацыяцыі каталіцкай прэсы з нагоды форума “Catholic Media Conference”, які па прычыне пандэміі сёлета адбыўся ў віртуальным фармаце.

Святы Айцец заўважыў, што актуальная сітуацыя паказала важнасць СМІ для спрыяння адзінству, скарачэнню дыстанцый, забеспячэння патрэбнай інфармацыяй і адкрыцця розума і сэрцаў людзей на праўду. “Сёння нашы грамадствы маюць патрэбу ў газетах, радыё, тэлебачанні і сацыяльных медыя, каб дзяліцца, камунікаваць, інфармаваць і яднацца”, - дадаў ён.

Папа падкрэсліў, што дэвіз, змешчаны на гербе ЗША – “E pluribus unum” (З шматлікіх – адзінае), павінен натхняць таксама работнікаў сферы масавай камунікацыі. Гэта патрэба з’яўляецца асабліва неадкладнай у нашыя дні, у эпоху, пазначаную канфліктамі і палярызацыяй, ад якой здаецца не абаронена ніводная каталіцкая супольнасць.

“Нам патрэбны СМІ, здольныя будаваць масты, абараняць жыццё, разбураць муры, бачныя і нябачныя, якія перашкаджаюць шчыраму дыялогу і сапраўднай камунікацыі паміж людзьмі і супольнасцямі. Нам патрэбны СМІ, здольныя дапамагаць людзям, асабліва моладзі, адрозніваць дабро ад зла, выпрацоўваць карэктныя суджэнні, пабудаваныя на празрыстым і поўным прадстаўленні фактаў, разумець важнасць працы на карысць справядлівасці, грамадскай згоды і павагі да супольнага дома. Нам патрэбны прынцыповыя людзі, якія будуць бараніць камунікацыю ад усяго таго, што можа яе скажаць і падпарадкоўваць іншым мэтам”, - напісаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што яго заклік тычыцца як вялікіх, так і малых СМІ. Ён заўважыў, што ў камунікацыі важна не толькі прафесійная кампетэнтнасць, але таксама ўменне прысвячаць усяго сябе дабру іншых людзей і быць носьбітамі праўды паслання, якое перадаём.

Папа запэўніў журналістаў у малітве аб дарах мудрасці, разумення і добрай рады, якія паходзяць ад Святога Духа. “Толькі позірк Духа дазваляе нам не замыкаць вачэй перад тымі, хто пакутуе, і шукаць сапраўднага дабра ўсіх. Толькі з такім позіркам мы можам плённа працаваць на карысць перамогі над хваробай расізму, несправядлівасці і раўнадушша, якія скажаюць аблічча нашай агульнай сям’і. Дзякуючы сваёй адданасці і штодзённай працы, вы можаце дапамагчы іншым глядзець на сітуацыі і людзей вачыма Духа”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

30 чэрвеня 2020, 16:23