1591528062894.jpg

Папа: Найсвяцейшая Тройца – Любоў на службе свету

Праз сакрамэнты мы можам заставацца ў пастаянных адносінах з боскімі Асобамі, - падкрэсліў Францішак падчас сустрэчы ў вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 7 чэрвеня 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Прапануем поўны пераклад на беларускую мову разважання Святога Айца, якое прагучала з бібліятэкі Апостальскага палаца:

“Евангелле на сённяшні дзень (пар. Ян 3,16-18), на ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, паказвае – у лаканічным стыле апостала Яна – таямніцу любові Бога да свету, Яго стварэння. У кароткім дыялогу з Нікадэмам, Езус прадстае як Той, хто даводзіць да спаўнення збаўчую задуму Айца адносна свету. Ён сцвярджае: “Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага” (Ян 3,16).

“Гэтыя словы ўказваюць, што дзейнасць трох боскіх Асобаў – Айца, Сына і Святога Духа – гэта адзіны вобраз любові, які збаўляе чалавецтва і свет. Гэта задума збаўлення для нас.”

Бог стварыў свет добрым, прыгожым, але ў выніку граху, свет стаў пазначаны злом і карупцыяй, мы, людзі – грэшнікі; таму Бог мог бы умяшацца, каб асудзіць свет, каб знішчыць зло і пакараць грэшнікаў, але Ён любіць свет, нягледзячы на яго грахі; Бог любіць кожнага з нас, нават калі мы памыляемся і аддаляемся ад Яго. Бог Айцец так моцна любіць свет, што, каб збавіць яго, ахвяраваў сваю самую вялікую каштоўнасць: свайго адзінароднага Сына, які аддаў сваё жыццё за людзей, уваскрос, вярнуўся да Айца і разам з Ім паслаў Святога Духа.

“Тройца – гэта Любоў на службе свету, які хоча збавіць і пераўтварыць. Думаючы сёння пра Бога – Айца, Сына і Святога Духа – падумаем пра Божую любоў. Як добра было б, калі б мы адчулі сябе любімымі: “Бог мяне любіць!” – вось пачуцце на сённяшні дзень.”

Калі Езус сцвярджае, што Айцец даў свайго адзінароднага Сына, нам спантанна ўзгадваецца Абрагам і яго ахвяраванне сына Ісака, аб якім кажа Кніга Быцця (пар. 22, 1-14): вось “мера без меры” любові Бога. Падумаем таксама пра тое, як Бог аб’явіўся Майсею: ласкавы, міласэрны і літасцівы, доўгацярплівы і шматміласцівы. Так кажа Кніга Зыходу. Сустрэча з гэтым Богам умацавала Майсея, які, як апавядае Кніга Зыходу, не пабаяўся стаць паміж народам і Богам, кажучы яму: “Народ гэты цвёрдага карку; даруй беззаконні нашыя і грахі нашыя і зрабі нас спадчынай Тваёй” (34,9).

“Так зрабіў Бог, калі паслаў свайго Сына. Мы з’яўляемся дзецьмі Сына праз сілу Святога Духа. Мы з’яўляемся Божай спадчынай.”

Дарагія браты і сёстры, сённяшняе свята запрашае нас дазволіць Богу нанова прывабіць нас сваёй прыгажосцю; невычэрпнай прыгажосцю, дабрынёй і праўдай. Але таксама прыгажосцю, дабрынёй і праўдай пакорнай, блізкай, якая ўцелавілася, каб увайсці ў наша жыццё, у маю гісторыю, у гісторыю кожнага з нас, каб кожны чалавек мог сустрэць яе і мець вечнае жыццё. Гэта і ёсць вера: прыняць Бога-Любоў, які дорыць сябе ў Хрысце, які дазваляе нам рухацца ў Святым Духу; дазволіць Яму сустрэць нас і давяраць Яму.

“Гэта хрысціянскае жыццё. Любоў, сустрэча з Богам, пошук Бога, які першы пачаў шукаць нас. Ён сустракае нас першы.”

Панна Марыя, жылішча Тройцы, няхай дапаможа нам прыняць з адкрытым сэрцам Божую любоў, якая напоўніць нас радасцю і дасць сэнс нашаму пілігрымаванню ў гэтым свеце, заўсёды скіроўваючы яго да мэты, якой ёсць Неба”.

07 чэрвеня 2020, 11:57