Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папскі фонд дапамагае ў барацьце з пандэміяй у Сектары Газа

Святы Айцец перадаў у Сектар Газа 2500 тэстаў на каронавірус. Ад імя Папы гэта зрабіла Кангрэгацыя па справах Усходніх Касцёлаў праз пасярэдніцтва ізраільскага аддзялення “Caritas”.

Дапамога насельніцтву Сектара Газа ажыццяўляецца ў рамках антыкрызіснага фонда для барацьбы з пандэміяй, заснаванага Пантыфікам на пачатку красавіка 2020 г.

Пробашч каталіцкай парафіі Святой Сям’і ў Газе, а. Габрыэль Раманэлі, распавёў, што тэсты, якія перадаў Папа, былі неадкладна дастаўлены ў лабараторыі мясцовага Міністэрства аховы здароўя – адзінага месца на гэтай тэрыторыі, дзе ёсць абсталяванне для аналізу зробленых мазкоў.

Святар заўважыў, што сітуацыю з каронавірусам у Сектары Газы абцяжарвае спыненне камерцыйнай дзейнасці, беспрацоўе, адсутнасць магчымасці выплочваць заробак, у тым ліку у каталіцкіх навучальных установах.

Ён падкрэсліў, што дадатковыя складанасці ўзніклі ў сувязі з закрыццём межаў з Ізраілем і Егіптам, але гэта дазволіла спыніць распаўсюджванне інфекцыі. На тэрыторыі Сектара Газа было выяўлена каля 1200 выпадкаў заражэнняў, хоць гэта можа быць абумоўлена нязначнай колькасцю зробленых тэстаў. Таму важным было атрыманне дыягнастычных камплектаў ад Святога Айца.

Фонд па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй, узнік дзякуючы супрацоўніцтву з Каталіцкай блізкаўсходняй асацыяцыяй на карысць дабрабыту (CNEWA), Папскай місіяй па справах Палестыны (PMP) і Аб’яднаннем ініцыятыў дапамогі Усходнім Цэрквам (ROACO). Яго дзейнасць ажыццяўляецца ў каардынацыі з Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Генеральным сакратарыятам Caritas Internationalis.

Ад імя Святога Айца ўжо былі ахвяраваны 10 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх тром медыцынскім установам у Сірыі, 3 такіх прыборы дастаўлены ў бальніцу св. Юзафа ў Іерусаліме. Падтрымку атрымала бальніца Святой Сям’і ў Бэтлееме. Запыты аб дапамозе паступаюць з усяго свету. Яна ўжо пайшла ў Афрыку, Азію і Паўднёвую Амерыку.

 

26 чэрвеня 2020, 11:08