1586687602247.jpg

Францішак: Эўхарыстыя аздараўляе нашу параненую памяць

Эўхарыстыя робіць нас носьбітамі Бога і распальвае жаданне служыць, - сказаў Пантыфік падчас св. Імшы ва ўрачыстасць Цела і Крыві Хрыста, якую цэлебраваў 14 чэрвеня 2020 г. у Ватыкане.

У гаміліі Францішак спаслаўся на словы Майсея, які заклікаў выбраны народ памятаць пра шлях, якім Пан вёў яго праз пустыню. Важна памятаць пра дабро, якое атрымалі, бо без памяці мы становімся “чужынцамі для сябе”, “мінакамі” у жыцці; “выкараняемся з зямлі, якая нас сілкуе і дазваляем ветрам несці нас прэч, як лісце”.

Памяць “лучыць нас з Богам і іншымі людзьмі”. Таму ў Бібліі ўспамін пра Пана перадаецца з пакалення ў пакаленне, пераказваецца бацькам сыну… Але, ведаючы пра слабасць чалавечай памяці, і для таго, каб гэты ланцуг не перарваўся, Пан пакінуў нам Пасілак, смак якога цяжка забыць. “Ён пакінуў нам Хлеб, у якім ёсць Ён, жывы і сапраўдны, з паўнатой смаку Яго любові”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што Эўхарыстыя – гэта не проста ўспамін, але факт: гэта Пасха Пана, які ажывае ў нас і аздараўляе нашу параненую памяць. У першую чаргу аздараўляе нашу сіроцкую памяць.

“Эўхарыстыя нясе нам верную любоў Айца, якая аздараўляе нас ад сіроцтва. Дае нам любоў Езуса, які пераўтварыў магілу з канчатковай кропкі ў зыходную кропку і такімі самым чынам можа перавярнуць наша жыццё. Яна напаўняе нас любоўю Святога Духа, які суцяшае, бо ніколі не пакідае нас самотнымі і лечыць раны”

, - дадаў Пантыфік.

З дапамогай Эўхарыстыі Пан аздараўляе таксама нашу негатыўную памяць. “Пан ведае, што зло і грахі – гэта не наша тоеснасць, а хваробы, інфекцыя. Ён прыходзіць, каб лячыць іх з дапамогай Эўхарыстыі, якая ўтрымлівае антыцелы для нашай памяці, хворай негатывам. З Езусам мы можам набыць імунітэт ад смутку. Заўсёды будзем мець перад вачыма нашы падзенні, цяжкасці, праблемы дома і на працы, нерэалізаваныя мары. Але іх цяжар не зможа струшчыць нас, бо яшчэ глыбей, будзе Езус, які будзе падтрымліваць нас сваёй любоўю. Вось сіла Эўхарыстыі, якая перамяняе нас у носьбітаў Бога: носьбітаў радасці, а не негатыву”, - сказаў Папа.

“Мы, якія ідзём на Імшу, можам спытаць сябе пра тое, што мы нясём у свет? Наш смутак, нашу горыч ці радасць Пана? Прыступаем да Камуніі і потым ідзём наракаць, крытыкаваць і плакацца ў камізэльку? – Але гэта не паляпшае нічога, у той час як радасць Пана змяняе жыццё”

, - дадаў ён.

Эўхарыстыя аздараўляе таксама нашу закрытую памяць. Яна гасіць у нас прагненне матэрыяльных рэчаў і распальвае жаданне служыць бедным, галодным, беспрацоўным. “Трэба рабіць гэта канкрэтным чынам, бо канкрэтным ёсць Хлеб, які нам дае Езус. Патрэбна сапраўдная блізкасць, патрэбны сапраўдныя ланцугі салідарнасці. Езус у Эўхарыстыі становіцца блізкім да нас: не пакінем самотнымі тых, хто знаходзіцца побач з намі”, - заклікаў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што св. Імша павінна быць на першым месцы ў Касцёле і жыцці. Ён заклікаў нанова адкрыць для сябе эўхарыстычную адарацыю, якая працягвае ў нас справу св. Імшы. “Яна карысная для нас, яна аздараўляе нас унутры. Асабліва цяпер мы па-сапраўднаму маем у гэтым патрэбу”, - закончыў гамілію Пантыфік.
 

14 чэрвеня 2020, 10:22