Папа выказаў блізкасць і салідарнасць народу Бразіліі
10 чэрвеня 2020 г. Пантыфік патэлефанаваў арцыбіскупу Апарэсіды Арланда Брандэсу. Ён выказаў блізкасць і салідарнасць бразільскаму народу ў сувязі з цяжкай эпідэміялагічнай сітуацыяй. У гэтай лацінаамерыканскай краіне ахвярамі інфекцыі сталі ўжо каля 40 тыс. чалавек.
Паводле бразільскага іерарха, тэлефонная размова са Святым Айцом стала вялікім дарам, атрыманым у вігілію ўрачыстасці Божага Цела. Францішак падкрэсліў, што народ Бразіліі заўсёды блізкі яго сэрцу.
Пантыфік нагадаў, што двойчы наведваў марыйны санктуарый у Апарэсідзе – з нагоды V Генеральнай асамблеі Біскупскіх Канферэнцый краін Лацінскай Амерыкі ў 2007 г. і з нагоды Сусветных дзён моладзі, якія праходзілі ў Рыа-дэ-Жанейра ў 2013 г. Ён заклікаў давяраць Маці Божай, якая ўшаноўваецца ў гэтым месцы.
У ходзе размовы Папа ўзгадаў св. Жазэ дэ Аншыета, нябеснага апекуна Бразіліі, літургічны ўспамін якога адзначаўся напярэдадні, 9 чэрвеня. Францішак заклікаў бразільцаў браць прыклад з езуіта і заставацца мужнымі ў веры.
Святы Айцец з пачатку пандэміі цікавіцца сітуацыяй у Бразіліі непасрэдна ў мясцовых біскупаў, выказваючы блізкасць і салідарнасць народу краіны. 25 красавіка ён правёў тэлефонную размову з арцыбіскупам Манауса Леанарда Штайнэрам, а 9 мая – з арцыбіскупам Сан-Паўлу Адзілам Пэдра Шэрэрам.