1581152550746.JPG

Святы Айцец правёў тэлефонную размову з Прэзідэнтам Украіны

Пантыфік правёў тэлефонную размову з Прэзідэнтам Украіны. Былі абмеркаваны наступствы пандэміі, сітуацыя на Усходзе краіны, мірнае ўрэгуляванне і супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы.

Як паведаміла пасольства Украіны пры Святым Пасадзе, размова 5 чэрвеня 2020 г. стала часткай дыялогу, распачатага падчас візіту Уладзіміра Зяленскага ў Ватыкан, які адбыўся 8 лютага 2020 г.

Паводле дыпламатычнага прадстаўніцтва, бакі абмеркавалі крызіс, выкліканы пандэміяй COVID-19, перш за ўсё гуманітарныя праблемы, якія стаяць перад светам. Папа адзначыў, што высока цэніць імкненне Украіны да салідарнасці.

Была абмеркавана таксама сітуацыя з бяспекай на Усходзе краіны. Прэзідэнт звярнуўся да Святога Пасаду з просьбай дапамагчы ў вызваленні ўсіх украінцаў, якія ўтрымліваюцца на акупіраваных тэрыторыях і ў Расіі. Святы Айцец падзякаваў Уладзіміру Зяленскаму за спробы мірнага ўрэгулявання канфлікту і папрасіў перадаць прывітанне і блізкасць украінскаму народу.

Суразмоўцы таксама абмеркавалі двухбаковае супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, ахове здароўя і ахове навакольнага асяроддзя. Прэзідэнт пацвердзіў запрашэнне, накіраванае раней Святому Айцу наведаць Украіну.
 

08 чэрвеня 2020, 12:11