Святы Айцец благаславіў народы Паўднёвай і Паўночнай Карэі
Аб гэтым распавёў інфармацыйнаму агенцтву Acistampa Апостальскі нунцый у Карэі і Манголіі, арцыбіскуп Альфрэд Шуэрэб. 25 чэрвеня 2020 г. Пантыфік прыняў яго на прыватнай аўдыенцыі, якая адбылася ў яго ватыканскай рэзідэнцыі – Доме св. Марты.
“Як толькі я сустрэўся са Святым Айцом, адразу нагадаў яму, што менавіта 70 гадоў таму распачалася вайна ў Карэі і што сёння карэйскія біскупы цэлебруюць асаблівую св. Імшу ў інтэнцыі прымірэння”, - падзяліўся ватыканскі дыпламат.
Папа з увагай назірае за падзеямі на Карэйскім паўвостраве. Ён шмат разоў выказваў сваю падтрымку мірным ініцыятывам, запэўніваў жыхароў гэтага рэгіёну ў малітве, заклікаў іх будаваць будучыню, заснаваную на адзінстве, дыялогу і братэрскай салідарнасці.