Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі прыёра Тэзэ
У ходзе паўгадзіннай размовы брат Алаіз падзяліўся са Святым Айцом актуальнымі навінамі, якія тычацца дзейнасці супольнасці. У прыватнасці гаворка ішла пра апошнія этапы Пілігрымкі даверу па зямлі і аднаўленне прыёму пілігрымаў пасля адмены каранціна.
Прыёр распавёў Францішку пра тое, што яго энцыкліка “Laudato si’”, пяцігоддзе якой адзначаецца сёлета, натхняе да рэфлексіі многіх членаў і гасцей экуменічнай супольнасці. Брат Алаіз падзяліўся з Пантыфікам інфармацыяй аб ахове навакольнага асяроддзя і прыняцці бежанцаў, якія ажыццяўляе Супольнасць.
“Я быў глыбока ўзрушаны сардэчным і братэрскім прыёмам з боку Францішка. У Тэзэ мы ўспрымаем яго служэнне як вельмі блізкае і я хацеў расказаць яму, як шмат мы молімся за яго”, - прыводзіць словы прыёра афіцыйная старонка Супольнасці.
З 2005 г. брат Алаіз Лозэр з’яўляецца настаяцелем хрысціянскай экуменічнай супольнасці, якая знаходзіцца ў французскай вёсцы Тэзэ, у Бургундзіі. Яна была заснавана ў 1940 г. братам Ражэ Шутцам. У супольнасць уваходзіць каля ста законнікаў розных канфесій і нацыянальнасцей, якія прысвячаюць сваё жыццё малітве, сузіранню і місіянерскай працы з моладдзю. Штогадова, асабліва ў летні перыяд, Тэзэ наведваюць тысячы пілігрымаў, якія жадаюць правесці час у цішыні і разважанні над Божым словам. У навагодні час Супольнасць арганізуе агульнаеўрапейскія сустрэчы ў адным з буйных гарадоў кантынента. Сёлета гэта павінна адбыцца ў італьянскім Турыне.