Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане Папа падчас малітвы "Анёл Панскі" у Ватыкане 

Францішак: ціхія і пакорныя будуюць новае чалавецтва

Быць здольнымі распазнаваць Божыя знакі ў жыцці і станавіцца ўдзельнікамі таямніц, што схаваны ад пыхлівых, і адкрываюцца пакорным, - заклікаў Папа перад малітвай “Анёл Панскі”, 5 ліпеня 2020 г. у Ватыкане.

Поўны тэкст перакладу разважання Папы на беларускую мову:

“Дарагія браты і сёстры, добры дзень!

Евангельскі ўрывак на гэту нядзелю (пар. Мц 11,25-30) падзелены на тры часткі: у першую чаргу Езус узносіць гімн благаслаўлення і падзякі Айцу, за тое, што адкрыў бедным і простым таямніцу Нябеснага Валадарства; потым Ён паказвае блізкія і выключныя адносіны паміж Ім і Айцом; і напрыканцы заклікае прыходзіць да Яго і ісці за Ім, каб знайсці суцяшэнне.

Спачатку Езус праслаўляе Айца за тое, што закрыў таямніцы свайго Валадарства, сваёй Праўды, ад “мудрых і разумных”. Хрыстус называе іх так з іроніяй, бо яны самі лічаць сябе мудрымі, а значыць, вельмі часта, маюць закрытыя сэрцы. Сапраўдная мудрасць нараджаецца ў сэрцы. Яна не азначае выключна разуменне ідэй. Сапраўдная мудрасць уваходзіць у сэрца, а калі маеш вялікія веды і закрытае сэрца, не з’яўляешся мудрым.

Езус кажа, што таямніцы Яго Айца адкрыты “малым”, тым, хто з даверам адкрываецца на Яго збаўчае Слова, адкрывае сэрца на Слова збаўлення, адчувае патрэбу ў Ім і чакае ўсяго ад Яго, мае адкрытае сэрца і поўнае даверу да Пана.

Потым Езус тлумачыць, што атрымаў усё ад Айца. Называе Яго “Ойча мой”, каб пацвердзіць выключнасць сваіх адносін з Ім. Сапраўды, толькі між Сынам і Айцом існуе поўная ўзаемнасць: адзін ведае другога, адзін жыве ў другім. Гэта выключная еднасць падобна на кветку, якая расцвітае, каб бескарысліва паказаць сваю прыгажосць і дабрыню.

Таму Езус заклікае: “Прыйдзіце да мяне…” (Мц 11,28). Ён хоча падарыць усё тое, што бярэ ад Айца. Хоча падарыць нам Праўду, а Праўда Езуса заўсёды даецца задарма: гэта дар, Святы Дух, Праўда.

Як Айцец аддае перавагу “малым”, таксама і Езус звяртаецца да “спрацаваных і абцяжараных”. Больш за тое, Ён ставіць сябе паміж імі, бо з’яўляецца “ціхім і пакорным сэрцам” (Мц 11,29). Як у першым і трэцім благаслаўленні, пра пакорных ці ўбогіх духам і пра лагодных (пар. Мц 5,3.5). “Ціхі і пакорны” Езус не з’яўляецца прыкладам для тых, хто скарыўся ці проста ёсць ахвярай, але прыкладам Чалавека, які “усім сэрцам” перажывае свой стан у поўнай адкрытасці на любоў Айца, гэта значыць на Святога Духа. Ён з’яўляецца прыкладам для “убогіх духам” і ўсіх іншых евангельскіх “шчаслівых”, якія спаўняюць Божую волю і сведчаць пра Яго Валадарства.

Потым Езус кажа, што калі прыйдзем да Яго, атрымаем палёгку. “Палёгка”, якую Езус дае спрацаваным і абцяжараным, гэта не толькі псіхалагічнае аблягчэнне ці міласціна, але радасць бедных, якая ўзнікае ад таго, што яны з’яўляюцца евангелізатарамі і будаўнікамі новага чалавецтва: вось палёгка. Гэта радасць, якую дае Езус. Яна выключная і тая самая, што мае Ён. Вось пасланне для ўсіх нас, для ўсіх людзей добрай волі, якое Езус скіроўвае таксама сёння да свету, што ўзвышае багатых і магутных…

Свет узвышае багатых і магутных, не важна якімі спосабамі, а часам, топча чалавека і яго годнасць. Кожны дзень мы бачым растаптаных бедны… Гэта таксама пасланне для Касцёла, пакліканага жыць учынкамі міласэрнасці і евангелізаваць бедных, быць ціхім і пакорным. Менавіта такім Езус хоча бачыць свой Касцёл.

Няхай Марыя, найпакорнейшая і найвышэйшая сярод стварэнняў, выпрасіць у Бога для нас сардэчную мудрасць, каб былі здольнымі распазнаваць Яго знакі ў нашым жыцці і быць удзельнікамі тых таямніц, якія схаваны ад пыхлівых, і адкрываюцца пакорным”.
 

05 ліпеня 2020, 12:59