Папа выказаў спачуванні Бэнэдыкту XVI у сувязі са смерцю брата
Святы Айцец з узрушанасцю ўзгадаў, што Бэнэдыкт XVI першы паведаміў яму пра смерць “свайго дарагога брата мансеньёра Георга” і зноў выказаў Папу-эмерыту “самыя шчырыя спачуванні і духоўную блізкасць у гэтыя хвіліны болю”.
“Запэўніваю ў маёй малітве аб вечным супакоі для дарагога памерлага, каб Пан жыцця, у сваёй міласэрнай дабрыні, увёў яго ў нябесную айчыну і адарыў узнагародай, падрыхтаванай для верных слугаў Евангелля”, - напісаў Пантыфік Святы Айцец.
На заканчэнне спачувальнага паслання ён выказаў Бэнэдыкту XVI сыноўскія і братэрскія пачуцці і ў еднасці з Уваскрослым Хрыстом, крыніцай надзеі і міру.
Георг Ратцынгер адышоў у вечнасць 1 ліпеня 2020 г. у 96-гадовым узросце. Большую частку свайго жыцця ён правёў у нямецкім горадзе Рэгенсбург, дзе цягам трыццаці гадоў, быў кіраўніком хлапечага хора “Regensburger Domspatzen” пры мясцовым катэдральным касцёле. Пад кіраўніцтвам кс. Георга калектыў набыў міжнародную славу і наведаў з канцэртамі вялікую колькасць краін свету.
Браты Ратцынгеры былі блізка звязаныя на працягу ўсяго жыцця. Яны разам паступілі ў духоўную семінарыю і прынялі прэзбітэрскае пасвячэнне ў адзін дзень.
На абранне Ёзэфа Ратцынгера Біскупам Рыма, яго старэйшы брат адрэагаваў без вялікага энтузіязму. “Я крыху расчараваны”, - казаў ён, дадаючы, што і цяпер іх адносіны не зменяцца. “У любым выпадку, за чалавечымі рашэннямі кардыналаў стаіць воля Пана, а ёй мы павінны казаць “так”, - падкрэсліваў брат новаабранага Пантыфіка.
У 2011 г. кс. Георг Ратцынгер заявіў, што яго брат можа прыняць мужнае рашэнне пакінуць Пасад св. Пятра, калі палічыць, што гэта місія занадта цяжкая для яго фізічнага стану. Ён даведаўся пра адрачэнне, якое планаваў Бэнэдыкт XVI, яшчэ за некалькі месяцаў да гэтай падзеі. Цягам апошніх гадоў кс. Георг працягваў адведваць Папу-эмерыта, нягледзячы на праблемы са здароўем.
18 чэрвеня 2020 г. Бэнэдыкт XVI упершыню з 2013 г. пакінуў Ватыкан, каб сустрэцца са сваім цяжкахворым братам к Германіі. Папа-эмерыт наведаў таксама пахаванні сваіх родных на могілках у Пентлінгу, што непадалёк ад Рэгенсбурга, а таксама дом, у якім жыў у 1970-1977 гадах.
Георг Ратцынгер нарадзіўся ў 1924 г. у Плайскірхене. Самай старэйшай з траіх дзяцей у сям’і Ратцынгераў была сястра Марыя, якая памерла ў 1991 г. у Рэгенсбургу і была там пахавана ў сямейнай грабніцы побач з бацькамі.