Папа Францішак і Эніа Марыконэ Папа Францішак і Эніа Марыконэ 

Папа выказаў спачуванні ў сувязі са смерцю Эніа Марыконэ

Пантыфік патэлефанаваў удаве Эніа Марыконэ, каб выказаць свае спачуванні і запэўніць у малітве за спачылага кампазітара і ўсю яго сям’ю. Маэстра адышоў у вечнасць 6 ліпеня 2020 г.

Папа быў знаёмы з Марыконэ і яго жонкай Марыяй, таму пажадаў асабіста скіраваць да яе словы падтрымкі і спачуванні. Размова працягвалася некалькі хвілін.

Францішак сустракаўся з Эніа Марыконэ ў чэрвені 2015 г. Нагодай паслужыла напісанне кампазітарам музыкі да св. Імшы ў сувязі з 200-годдзем аднаўлення Таварыства Езуса. Маэстра прысвяціў яе Святому Айцу. Музыка ўпершыню прагучала ў выкананні аркестру і хору ў галоўным езуіцкім храме ў Рыме, касцёле Іль-Джэзу.

Кампазітар асабіста ўручыў ў дар Пантыфіку партытуру гэтага музычнага твору. “Мы доўга глядзелі адзін на аднаго ў маўчанні. Папа глядзеў на мяне і чакаў, што я распавяду пра маю св. Імшу. Я паказаў яму першую старонку партытуры, дзе ноты ўтваралі форму крыжа…”, - дзяліўся ўспамінамі маэстра.

Марыконэ прызнаваўся, што быў глыбока ўражаны кірункам, які Францішак даў Касцёлу, і які стаў магчымы дзякуючы “вялікай падрыхтоўчай працы, зробленай Бэнэдыктам XVI”.

Кампазітар распавядаў, што ажаніўся ў 1956 г. З таго часу яго жонка заўсёды прасіла яго напісаць літургічную музыку. “Я ніколі гэтага не рабіў, але аднойчы раніцай я сустрэў кс. Даніэля Лібаноры, рэктара касцёла Іль-Джэзу, што знаходзіцца ў двух кроках ад майго дома, і які я часта адведваў. Езуіт папрасіў мяне напісаць музыку для св. Імшы, каб адзначыць 200-годдзе аднаўлення Таварыства Езуса. Гэта быў 2012 г. Я узяў крыху часу, каб падумаць. А потым быў выбраны папа Францішак, першы Пантыфік-езуіт. Я пагадзіўся і вырашыў прысвяціць св. Імшу яму, а таксама маёй жонцы. Так нарадзілася “Missa Papae Francisci. Anno duecentesimo a Societate Restituta”. Яна мае для мне вялікае значэнне, бо я заўсёды быў вернікам, я вырас у каталіцкай сям’і і гэтай пячаткай заўсёды было пазначана маё жыццё”, - казаў Марыконэ ў інтэрв’ю італьянскаму выданню “Avvenire”.

У 2019 г. Эніа Марыконэ атрымаў Залыты медаль пантыфікату папы Францішка “за выдатную дзейнасць у галіне мастацтва, якая мела таксама аспекты рэлігійнага характару”. Праз некалькі месяцаў пасля гэтага маэстра развітаўся са сцэнай, але потым пагадзіўся выступіць з канцэртам у ватыканскай Зале Паўла VI. “Я не мог сказаць “не”, - заявіў тады кампазітар.

 

 

10 ліпеня 2020, 08:07