Францішак падчас візіту ў Хірасіму ў лістападзе 2019 г. Францішак падчас візіту ў Хірасіму ў лістападзе 2019 г. 

Францішак пажадаў міру ў звароце да жыхароў Хірасімы

“Няхай прарочыя галасы жывых ахвяр бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі працягваюць служыць перасцярогай для нас і для будучых пакаленняў”, - пажадаў Папа ў 75-ю гадавіну атамнай бамбардзіроўкі Хірасімы.

З гэтай нагоды 6 жніўня 2020 г. Пантыфік скіраваў пасланне да губернатара японскай прэфектуры Хірасіма Хідэхіка Юдзакі.

У лісце Папа прыгадаў мінулагодняе Апостальскае падарожжа ў Японію, падчас якога ён наведаў Мемарыяльныя паркі міру ў Хірасіме і Нагасакі і меў магчымасць паразважаць “над разбурэннем чалавечага жыцця і ўласнасці, здзейсненых у гэтых двух гарадах падчас тых жудасных дзён вайны”.

Пантыфік паўтарыў свой заклік да адмаўлення ад ядзернай зброі, сцвердзіўшы, што валоданне і карыстанне ёй – амаральна.

“Як і ў мінулым годзе, калі я прыбыў у Японію як пілігрым міру, я працягваю насіць у сваім сэрцы палкае жаданне людзей нашага часу, асабліва маладых, якія прагнуць міру і прыносяць сябе ў ахвяру дзеля міру. Я таксама нашу ў сабе плач бедных, якія заўсёды аказваюцца сярод першых ахвяр насілля і канфлікту”, - напісаў Францішак.

“Няхай прарочыя галасы жывых ахвяр бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі працягваюць служыць перасцярогай для нас і для будучых пакаленняў! Дзеля іх і дзеля ўсіх, хто працуе на карысць прымірэння, мы будзем абвяшчаць словы псальміста: Дзеля братоў маіх і бліжніх маіх, скажу я: Мір табе (Пс 122, 8)”, - напісаў Святы Айцец.
 

06 жніўня 2020, 16:28