Маці раздзеленых сіямскіх блізнят напісала Папу
Яна дзякуе Папу за тое, што ён удзяліў дзяўчынкам сакрамэнт хросту. Эрмін прасіла яго аб гэтым яшчэ ў чэрвені, пасля завяршэння апошняга этапу аперацыі, і на днях Папа хрысціў малых у капліцы Дома св. Марты.
Жанчына піша, што яе дочкі “атрымалі магчымасць стаць самымі шчаслівымі на зямлі” дзякуючы адкрыццю Францішкам Святой Брамы ў Бангі ў 2015 г., што было прымеркавана да Юбілею Міласэрнасці. Менавіта дзякуючы гэтай падзеі маладая маці сустрэлася праз тры гады з Марыэлай Энак, кіраўніком ватыканскай бальніцы “Дзіцятка Езуса”, пры падтрымцы якой у сталіцы ЦАР была адкрыта дзіцячая клініка.
У лісце Пантыфіку жанчына распавядае пра сваё жыццё, пра тое, што ў яе не было магчымасці атрымаць адукацыю і што яна хацела б аднойчы здолець прачытаць сваім дочкам словы з Бібліі.
Дзякуючы адкрыццю Святой Брамы, Папа “пабудаваў мост у вечнасць, па якім могуць прайсці ўсе маючыя патрэбу”, як і яна сама. Усё, што адбылося, стала для яе знакам, што Бог не пакідае самых апошніх. Жанчына абяцае Святому Айцу пастаянную малітву да Багародзіцы за яго.