Пантыфік: салідарнасць – шлях да аднаўлення пасля пандэміі
2 верасня 2020 г. ва ўнутраным дворыку ватыканскага Апостальскага палацу адбылася першая агульнай аўдыенцыя з удзелам вернікаў пасля вымушанага перапынку, звязанага з пандэміяй. На працягу некалькіх месяцаў аўдыенцыі адбываліся ў фармаце відэатрансляцыі.
Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных наступствам пандэміі каронавіруса, Францішак звярнуў увагу на тое, што яна паказала моцную ўзаемазалежнасць паміж людзьмі. “Каб выйсці лепшымі з крызісу, мы павінны зрабіць гэта ўсе разам, у духу салідарнасці”, - падкрэсліў Папа.
“Таму прынцып салідарнасці сёння як ніколі неабходны, як вучыў св. Ян Павел ІІ. Ва ўзаемазвязаным свеце мы адчуваем, што значыць жыць у адной “глабальнай вёсцы”. Свет – гэта нішто іншае як глабальная вёска, бо ў ім усё ўзаемазвязанае, аднак, мы не заўсёды перамяняем гэту ўзаемазалежнасць у салідарнасць. Паміж узаемазалежнасцю і салідарнасцю доўгі шлях. Эгаізм – індывідуальны, нацыянальны і груп улады, – і ідэалагічная цвёрдасць, наадварот, умацоўваюць “структуры граху”, - сказаў Папа.
Салідарнасць патрабуе “фарміравання новага менталітэту, які кіруецца паняццямі супольнасці, прыярытэту жыцця ўсіх над маёмасцю некаторых”. “Гэта не толькі пытанне дапамогі іншым: гаворка ідзе пра справядлівасць. Узаемазалежнасць, каб быць салідарнай і даваць плён, патрабуе моцнай укаранёнасці ў чалавечнасці і прыродзе, створаных Богам, патрабуе пашаны да абліччаў і зямлі”, - дадаў Францішак.
Святы Айцец падкрэсліў, што Біблія ад самага пачатку папярэджвае нас аб наступствах ігнаравання сувязі з чалавецтвам, стварэннем і Стварыцелем. Ён паставіў у прыклад гісторыю пра Бабілёнскую вежу. У такім выпадку знішчаецца еднасць паміж людзьмі, культурнае багацце, біяразнастайнасць і экалагічная раўнавага.
Пантыфік нагадаў вернікам сярэднявечнае апавяданне, якое апісвае “вавілонскі сіндром”. Яно кажа, што падчас будаўніцтва вежы, калі чалавек падаў і гінуў, ніхто не казаў нічога. Але, калі падала і разбівалася цагліна, усе наракалі, бо яна каштавала больш за чалавечае жыццё.
“Дыяметральна супрацьлеглай Вавілону з’яўляецца Пяцідзясятніца. Святы Дух, сыходзячы з вышыні як вецер і агонь, трапляе да супольнасці, закрытай у вячэрніку, напаўняе яе Божай сілай, падштурхоўвае выйсці і абвяшчаць усім Пана Езуса. Дух стварае адзінства ў разнастайнасці, стварае гармонію… Бліжні – гэта не проста прылада, “рабочая сіла”, але паўнапраўны ўдзельнік будавання супольнасці. Св. Францішак Асізскі добра ведаў пра гэта і, натхнёны Святым Духам, называў усіх людзей, а нават і ўсе стварэнні, братамі ці сёстрамі”, - заўважыў Папа.
Святы Айцец нагадаў, што праз Пяцідзясятніцу Бог аб’явіўся і запаліў веру супольнасці, з’яднанай у разнастайнасці і салідарнасці. “Салідарная разнастайнасць мае “антыцелы”, неабходныя для таго, каб унікальнасць кожнага – якая з’яўляецца дарам, адзіным і непаўторным – не стала хворай на індывідуалізм і эгаізм. Салідарная разнастайнасць мае антыцелы, неабходныя для таго, каб аздараўляць сацыяльныя структуры і працэсы, што ўзнікаюць у сістэмах несправядлівасці і прыгнёту. Такім чынам, салідарнасць сёння – гэта шлях, якім трэба ісці да пасляпандэмічнага свету, да аздараўлення нашых міжасобасных і сацыяльных хвароб”, - сцвердзіў Пантыфік.
“Пасярод крызісаў і бур, Пан звяртаецца да нас і запрашае абуджаць і ажыўляць салідарнасць, здольную даваць трываласць, падтрымку і сэнс у гэты час, калі, здаецца, усё церпіць бедства. Няхай крэатыўнасць Святога Духа заахвочвае нас да вынаходства новых форм сямейнай гасціннасці, плённага братэрства і паўсюднай салідарнасці”, - заклікаў у канцы катэхезы Святы Айцец.