Пантыфік: салідарнасць – шлях да аднаўлення пасля пандэміі

Салідарнасць, якая кіруецца верай, дазваляе нам выразіць Божую любоў у глабалізаванай культуры. Сярод крызісаў і бур Пан заклікае нас да такой салідарнасці, - падкрэсліў Папа.

2 верасня 2020 г. ва ўнутраным дворыку ватыканскага Апостальскага палацу адбылася першая агульнай аўдыенцыя з удзелам вернікаў пасля вымушанага перапынку, звязанага з пандэміяй. На працягу некалькіх месяцаў аўдыенцыі адбываліся ў фармаце відэатрансляцыі.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаных наступствам пандэміі каронавіруса, Францішак звярнуў увагу на тое, што яна паказала моцную ўзаемазалежнасць паміж людзьмі. “Каб выйсці лепшымі з крызісу, мы павінны зрабіць гэта ўсе разам, у духу салідарнасці”, - падкрэсліў Папа.

Пантыфік нагадаў пра агульнае паходжанне чалавечай сям’і, адзіны супольны дом, у якім Бог пасяліў людзей, і адзінае прызначэнне ў Хрысце. Калі забываем пра ўсё гэта, наша ўзаемазалежнасць становіцца залежнасцю адных ад другіх, павялічваецца няроўнасць і адчужэнне, аслабляюцца сацыяльныя сувязі, наносіцца шкода навакольнаму асяроддзю.

“Таму прынцып салідарнасці сёння як ніколі неабходны, як вучыў св. Ян Павел ІІ. Ва ўзаемазвязаным свеце мы адчуваем, што значыць жыць у адной “глабальнай вёсцы”. Свет – гэта нішто іншае як глабальная вёска, бо ў ім усё ўзаемазвязанае, аднак, мы не заўсёды перамяняем гэту ўзаемазалежнасць у салідарнасць. Паміж узаемазалежнасцю і салідарнасцю доўгі шлях. Эгаізм – індывідуальны, нацыянальны і груп улады, – і ідэалагічная цвёрдасць, наадварот, умацоўваюць “структуры граху”, - сказаў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што слова “салідарнасць” крыху прыцерлася і часам неадпаведна інтэрпрэтуецца, але значыць намнога больш, чым нейкі адзінкавы жэст шчодрасці.

Салідарнасць патрабуе “фарміравання новага менталітэту, які кіруецца паняццямі супольнасці, прыярытэту жыцця ўсіх над маёмасцю некаторых”. “Гэта не толькі пытанне дапамогі іншым: гаворка ідзе пра справядлівасць. Узаемазалежнасць, каб быць салідарнай і даваць плён, патрабуе моцнай укаранёнасці ў чалавечнасці і прыродзе, створаных Богам, патрабуе пашаны да абліччаў і зямлі”, - дадаў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што Біблія ад самага пачатку папярэджвае нас аб наступствах ігнаравання сувязі з чалавецтвам, стварэннем і Стварыцелем. Ён паставіў у прыклад гісторыю пра Бабілёнскую вежу. У такім выпадку знішчаецца еднасць паміж людзьмі, культурнае багацце, біяразнастайнасць і экалагічная раўнавага.

Пантыфік нагадаў вернікам сярэднявечнае апавяданне, якое апісвае “вавілонскі сіндром”. Яно кажа, што падчас будаўніцтва вежы, калі чалавек падаў і гінуў, ніхто не казаў нічога. Але, калі падала і разбівалася цагліна, усе наракалі, бо яна каштавала больш за чалавечае жыццё.

“На жаль, таксама і сёння адбываецца штосьці падобнае. Падаюць некалькі пунктаў на фінансавым рынку – і гэта навіна з’яўляецца ва ўсіх інфармацыйных агенцтвах. Гінуць тысячы людзей ад голаду, а пра гэта не кажа ніхто”, - з жалем канстатаваў Папа.

“Дыяметральна супрацьлеглай Вавілону з’яўляецца Пяцідзясятніца. Святы Дух, сыходзячы з вышыні як вецер і агонь, трапляе да супольнасці, закрытай у вячэрніку, напаўняе яе Божай сілай, падштурхоўвае выйсці і абвяшчаць усім Пана Езуса. Дух стварае адзінства ў разнастайнасці, стварае гармонію… Бліжні – гэта не проста прылада, “рабочая сіла”, але паўнапраўны ўдзельнік будавання супольнасці. Св. Францішак Асізскі добра ведаў пра гэта і, натхнёны Святым Духам, называў усіх людзей, а нават і ўсе стварэнні, братамі ці сёстрамі”, - заўважыў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што праз Пяцідзясятніцу Бог аб’явіўся і запаліў веру супольнасці, з’яднанай у разнастайнасці і салідарнасці. “Салідарная разнастайнасць мае “антыцелы”, неабходныя для таго, каб унікальнасць кожнага – якая з’яўляецца дарам, адзіным і непаўторным – не стала хворай на індывідуалізм і эгаізм. Салідарная разнастайнасць мае антыцелы, неабходныя для таго, каб аздараўляць сацыяльныя структуры і працэсы, што ўзнікаюць у сістэмах несправядлівасці і прыгнёту. Такім чынам, салідарнасць сёння – гэта шлях, якім трэба ісці да пасляпандэмічнага свету, да аздараўлення нашых міжасобасных і сацыяльных хвароб”, - сцвердзіў Пантыфік.

Паводле Францішка, “салідарнасць, якая кіруецца верай, дазваляе нам выразіць Божую любоў у нашай глабалізаванай культуры, не будуючы вежаў ці муроў, якія ствараюць падзелы, а потым разбураюцца, але ствараючы супольнасць і падтрымліваючы працэсы па-сапраўднаму чалавечага і сацыяльнага росту”.

“Пасярод крызісаў і бур, Пан звяртаецца да нас і запрашае абуджаць і ажыўляць салідарнасць, здольную даваць трываласць, падтрымку і сэнс у гэты час, калі, здаецца, усё церпіць бедства. Няхай крэатыўнасць Святога Духа заахвочвае нас да вынаходства новых форм сямейнай гасціннасці, плённага братэрства і паўсюднай салідарнасці”, - заклікаў у канцы катэхезы Святы Айцец.
 

02 верасня 2020, 12:29