Папа: для аздараўлення свету патрэбна сацыяльная любоў

Крызіс, які перажываем па прычыне пандэміі, закранае ўсіх. Мы здолеем выйсці з яго лепшымі, калі будзем разам шукаць агульнага дабра, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 9 верасня 2020 г. прайшла ў Ватыкане.

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны наступствам пандэміі каронавіруса, Святы Айцец звярнуў увагу на шматлікія праявы дамінавання прыватных інтарэсаў. Ён нагадаў пра жаданне некаторых авалодаць вакцынай, каб потым прадаваць яе іншым; пра выкарыстанне сітуацыі для распальвання падзелаў, пошуку эканамічнай ці палітычнай выгады, стварэння ці ўмацавання канфліктаў. “Іншыя проста не цікавяцца пакутамі людзей, праходзяць побач і ідуць сваёй дарогай…”, - з жалем зазначыў ён.

Паводле Папы, хрысціянскі адказ на пандэмію і грамадска-палітычны крызіс, выкліканы ёй, павінен грунтавацца на любові, у першую чаргу на любові Бога, якая заўсёды апярэджвае нас.

“Бог любіць нас безумоўна, а калі прымаю боскую любоў, тады магу адказваць любоўю. Магу любіць не толькі таго, хто любіць мяне: сваю сям’ю, сяброў, маё асяроддзе, але таксама тых, хто не любіць мяне, хто не ведае мяне ці з’яўляецца чужынцам, тых, хто прымушае мяне пакутаваць, каго лічу ворагамі. Гэта хрысціянская мудрасць. Гэта вучэнне Езуса… Вядома, любіць усіх, уключаючы ворагаў, цяжка – я сказаў бы, што гэта мастацтва! Але гэта мастацтва, якому заўсёды можна навучыцца і ў якім можна станавіцца лепшымі. Сапраўдная любоў, якая робіць нас плённымі і свабоднымі, заўсёды экспансіўная і інклюзіўная. Гэтая чыстая любоў лечыць, аздараўляе і з’яўляецца карыснай”, - сказаў Папа.

Францішак зазначыў, што любоў не абмяжоўваецца адносінамі паміж дзвюма альбо трыма асобамі, сябрамі ці сямейным колам. Яна ўключае ў сябе таксама грамадзянскія і палітычныя адносіны, у тым ліку адносіны з прыродай.

“Паколькі мы з’яўляемся сацыяльнымі і палітычнымі істотамі, тады адзін з самых высокіх выразаў любові – гэта любоў сацыяльная і палітычная, неабходная для чалавечага развіцця і пераадолення ўсіх форм крызісу. Мы ведаем, што любоў робіць плённымі сям’ю і сяброўства, але варта памятаць, што яна робіць плённымі таксама грамадскія, культурныя, эканамічныя і палітычныя адносіны, дазваляючы нам будаваць “цывілізацыю любові”, як любіў казаць св. Павел VI, а за ім і св. Ян Павел ІІ. Без гэтага натхнення будзе пераважаць адваротнае: культура эгаізму, культура абыякавасці, культура адчужэння…”, - дадаў ён.

Каронавірус паказвае нам, што сапраўднае дабро для кожнага чалавека – гэта агульнае дабро, і наадварот, што агульнае дабро – гэта сапраўднае дабро для чалавека. Пантыфік паставіў у прыклад сітуацыю са здароўем, якое з’яўляецца не толькі індывідуальным, але таксама і супольным дабром. “Здаровае грамадства – гэта грамадства, якое клапоціцца пра здароўе ўсіх”, - сказаў Папа.

“Вірус, які не ведае бар’ераў, межаў, культурных і палітычных адметнасцей павінен быць пераадолены з дапамогай любові без бар’ераў, без межаў і без адметнасцей. Такая любоў можа стварыць сацыяльныя структуры, які будуць заахвочваць нас у першую чаргу дзяліцца, а не спаборнічаць, якія дазволяць нам уключаць самых уразлівых, а не спіхваць іх на ўзбочыну, якія дапамогуць нам выражаць лепшыя якасці нашай чалавечай прыроды, а не горшыя. Сапраўдная любоў не ведае культуры адчужэння… Сапраўды, калі мы любім і будуем крэатыўнасць, давер і салідарнасць, тады паўстаюць канкрэтныя ініцыятывы на карысць агульнага дабра. Гэта тычыцца як узроўню малых і вялікіх супольнасцей, так і міжнароднага ўзроўню…”, - сказаў Папа.

Калі ж рашэнні для пераадолення пандэміі будуць насіць адбітак эгаістычнага стаўлення да людзей, прадпрыемстваў ці краін, тады, магчыма, мы здолеем выйсці з каронавіруса, але дакладна не зможам выйсці з чалавечага і сацыяльнага крызісу, які вірус паказаў і абвастрыў, - лічыць Святы Айцец.

Францішак заклікаў будаваць здаровае, інклюзіўнае, справядлівае і мірнае грамадства не на пяску эгаізму, а на скале агульнага дабра. Гэта заданне, якое тычыцца ўсіх, а не толькі некаторых спецыялістаў.

“На жаль палітыка часта не карыстаецца добрай хвалой і мы ведаем чаму. Гэта не значыць, што ўсе палітыкі дрэнны. Я не хачу сказаць гэтага… Хачу сказаць толькі тое, што палітыка не карыстаецца добрай хвалой… Але не трэба скарацца перад гэтым негатыўным бачаннем. Трэба рэагаваць, дэманструючы фактамі, што магчыма – больш за тое, патрэбна! – добрая палітыка, якая ставіць у цэнтр чалавечую асобу і агульнае дабро. Калі пачытаеце гісторыю чалавецтва, знойдзеце ў ёй шмат святых палітыкаў… Гэта магчыма ў той меры, у якой усе хрысціяне, і асаблівыя тыя, якія маюць абавязкі і адказнасць у грамадскай і палітычнай сферы, будуць грунтаваць уласныя дзеянні на этычных прынцыпах і натхняць іх сацыяльнай і палітычнай любоўю. Хрысціяне, асабліва свецкія вернікі, пакліканы даваць добрае сведчанне і могуць рабіць гэта дзякуючы цноце міласэрнай любові, надаючы ёй неад’емнае грамадскае вымярэнне”, - сказаў Папа.

“Цяпер час для таго, каб усе ўмацоўвалі нашу сацыяльную любоў. Агульнае дабро патрабуе ўдзелу ўсіх. Калі кожны зробіць свой унёсак, і калі ніхто не будзе пакінуты звонку, мы зможам аднавіць добрыя адносіны на грамадскім, нацыянальным, міжнародным узроўні, а таксама ў гармоніі з навакольным асяроддзем”, - дадаў Пантыфік.

“Такім чынам у нашых жэстах, нават самых малых, стане бачна штосьці ад Божага вобразу, які носім у сабе, таму што Бог – гэта Тройца Любові… З Яго дапамогай мы зможам аздаравіць свет, працуючы ўсе разам на карысць агульнага дабра. Не толькі асабістага дабра, але агульнага дабра ўсіх”, - закончыў катэхезу Святы Айцец.
 

09 верасня 2020, 11:07