Папа Францішак і Патрыярх Неафіт. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак і Патрыярх Неафіт. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: мучанікі – супольная спадчына хрысціян

Святы Айцец скіраваў пасланне Патрыярху Балгарскай Праваслаўнай Царквы Неафіту з нагоды ўнясення ў сафійскі катэдральны сабор рэліквій святых Клімента і Паціта.

Часцінкі парэшткаў раннехрысціянскіх мучанікаў Пантыфік перадаў Мітрапаліту Сафійскаму падчас яго візіту ў Ватыкан у лютым 2020 г. 17 верасня яны ўрачыста прыбылі ў галоўны праваслаўны храм балгарскай сталіцы. Спецыяльнае пасланне Папы з гэтай нагоды зачытаў старшыня Канферэнцыі Біскупаў Балгарыі арцыбіскуп Хрыста Пройкаў, прысутны на цырымоніі.

“Нягледзячы на мінулыя стагоддзі, святыя Клімент і Паціт працягваюць заставацца для нас красамоўным прыкладам. Яны нагадваюць, што мучанікі прыналежаць усім Цэрквам, а святыя пакуты, якія яны спазналі ў час мучаніцкай смерці, умацоўваюць экуменізм крыві, які пераадольвае падзелы і заклікае ўсіх хрысціян спрыяць бачнай еднасці вучняў Хрыста”, - напісаў Францішак.

У сваю чаргу вікарый Мітрапаліта Сафійскага, епіскап Палікарп, зачытаў ліст падзякі Патрыярха Неафіта да Святога Айца. У ім прадстаяцель Балгарскай Праваслаўнай Царквы выказаў глыбокую радасць у сувязі з братэрскім жэстам перадачы рэліквій святых Клімента і Паціта, які Папа здзейсніў пасля наведвання Балгарыі ў мае 2019 г.

“Гісторыя сведчыць пра выключнае жыццё і справы гэтых вялікіх мужоў, першых хрысціян і сведкаў веры Хрыстовай, якія пачалі свой зямны шлях у старажытным горадзе Сердыка. Атрымаць часцінкі святых мошчаў вялебнага Папы Клімента, заснавальніка Царквы ў Сердыцы і яе першага біскупа – гэта вялікае благаслаўленне для нашай Балгарскай Праваслаўнай Царквы, якая захоўвае і працягвае працу святых Кірыла і Мятода, а таксама іх святых вучняў. Гэта духоўны мост паміж Царквой Балгарыі і Рымскім Касцёлам, вялікае духоўнае і спрыяльнае дзеянне якога на працягу стагоддзяў сагравала сэрцы балгарскага і італьянскага народаў”, - напісаў Патрыярх Неафіт.
 

18 верасня 2020, 11:08