Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: Бог падрыхтаваў мірную будучыню для Лівана

Пантыфік скіраваў кароткае пасланне да народу Лівана. Яго зачытаў кардынал Пьетра Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці, які прабывае ў гэтай краіне з рабочым візітам.

Святы Айцец запэўніў ліванцаў у любові і блізкасці, заклікаючы іх давяраць бацькоўскай вернасці Бога. Ён прыгадаў словы прарока Ераміі: “Бо толькі Я ведаю намеры, якія маю пра вас, кажа Пан, намеры на дабро, а не на згубу, каб даць вам будучыню, якую чакаеце” (29,11).

Папа заўважыў, што нядаўнія і далёкія падзеі, перажытыя народам Лівана, здаецца супярэчаць гэтаму абяцанню. У той жа час ён заклікаў цвёрда давяраць бацькоўскай любові Бога. “Пане, мы верым, што Ты захоўваеш сваё слова, каб споўніць яго, і мы спадзяёмся, што Ты зробіш гэта нягледзячы на ўсялякія чаканні ці няшчасці”, - напісаў Францішак.

Пантыфік узносіць малітву падзякі Богу за Яго любоў, якая праявілася ў салідарнасці многіх людзей. “Мы давяраем Табе нашу краіну, Ліван, і яго народ, рэлігійных, палітычных лідараў і моладзь, каб ажыццявілася яго пакліканне пасланніка міра і братэрства, для якога Ты яго прызначыў”, - напісаў ён.

Кардынал Пьетра Паралін прыбыў у Ліван 3 верасня 2020. Ён наведаў мараніцкую катэдру св. Юрыя ў Бейруце, дзе сустрэўся з рэлігійнымі лідарамі краіны, а таксама ўзначаліў св. Імшу ў санктуарыі Маці Божай Ліванскай у горадзе Джунія, на вяршыні пагорку Харыса. 4 верасня, па ініцыятыве Папы, у Каталіцкім Касцёле прайшоў Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі Лівана.
 

05 верасня 2020, 11:05