Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа пра ролю хрысціянскіх СМІ ў секулярызаваным грамадстве

Хрысціянскія СМІ могуць садзейнічаць фармаванню сумленняў людзей, - сказаў Папа падчас аўдыенцыі для дэлегацыі бельгійскага хрысціянскага часопіса “Tertio”. Яна прайшла 18 верасня 2020 г. у Ватыкане.

“У грамадстве, у якім жывём, інфармацыя з’яўляецца неад’емнай часткай нашай штодзённасці. Калі яна якасная, тады дазваляе лепш разумець праблемы і выклікі, што стаяць перад светам, а таксама натхняе індывідуальныя, сямейныя і грамадскія дзеянні. У прыватнасці, важным з'яўляецца існаванне хрысціянскіх СМІ, якія спецыялізуюцца на якаснай інфармацыі аб жыцці Касцёла ў свеце, здольных спрыяць фармаванню сумленняў людзей”, - сказаў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на сувязь паміж назвай часопіса Tertio і Апостальскай адгартацыяй св. Яна Паўла ІІ Tertio millennio adveniente, прысвечанай пачатку трэцяга тысячагоддзя хрысціянства. У дакуменце ўтрымліваецца заклік падрыхтаваць сэрцы да прыняцця Хрыста і Яго збаўчага паслання.

“Гэта спасылка не з’яўляецца проста заклікам да надзеі, але да таго, каб дапамагчы голасу Касцёла і хрысціянскіх інтэлектуалаў гучаць ва ўсё больш і больш секулярызаваным медыйным кантэксце і ўзбагаціць яго канструктыўнымі разважаннямі. Пошук станоўчага бачання людзей і фактаў, адмаўленне ад забабонаў, спрыяе культуры сустрэчы, праз якую магчыма пазнаваць рэчаіснасць з позіркам, поўным даверу”, - перакананы Святы Айцец.

Папа звярнуў увагу на важны ўклад хрысціянскіх СМІ ў распаўсюджванне сярод хрысціянскіх супольнасцей новага ладу жыцця, свабоднага ад усіх форм прадузятасці і адчужэння.

“На самой справе мы ведаем, што плёткі закрываюць сэрца супольнасці, закрываюць адзінства Касцёла. Вялікі пляткар – гэта д’ябал, які заўсёды расказвае штосьці дрэннае пра іншых, бо ён падманшчык, што імкнецца раз’яднаць Касцёл, аддаліць братоў адно ад аднаго, каб не маглі ствараць супольнасць”, - падкрэсліў Пантыфік.

Паводле Францішка, камунікацыя – важная місія для Касцёла, а хрысціяне пакліканы канкрэтным чынам спаўняць заклік Пана да абвяшчэння Евангелля. У свеце камунікацыі журналісты-хрысціяне павінны даваць сведчанне, не хаваючы праўды і не маніпулюючы інфармацыяй.

“Прафесійны журналіст-хрысціянін павінен быць носьбітам надзеі, носьбітам веры ў будучыню, бо толькі, калі будучыня прымаецца як добрая і магчымая рэчаіснасць, таксама і сучаснасць становіцца бачнай. Гэтыя разважанні могуць дапамагчы нам, асабліва сёння, умацаваць надзею ў сітуацыі пандэміі, якую перажывае свет. Вы з’яўляецеся носьбітамі гэтай надзеі на лепшы заўтрашні дзень. У кантэксце крызіса важна, каб сродкі сацыяльнай камунікацыі дапамагалі людзям не захварэць самотнасцю і атрымліваць словы суцяшэння”, - дадаў Папа.

Францішак выказаў сваім гасцям падзяку за 20-гадовае служэнне і сведчанне, якое дазволіла іх часопісу здабыць добрую рэпутацыю. Ён нагадаў словы св. Яна Паўла ІІ пра тое, што Касцёл з даверам і чаканнем глядзіць на дзеячаў культуры і камунікацыі, пакліканых чытаць і інтэрпрэтаваць сучаснасць і вызначаць шляхі для камунікацыі Евангелля згодна з мовай і адчувальнасцю сучаснага чалавека”.

Штотыднёвік Tertio быў заснаваны ў 1999 г. Ён выходзіць накладам у 6 тыс. асобнікаў. На старонках часопіса друкуюцца інтэрв’ю, меркаванні, навіны з жыцця Касцёла і іншых канфесій у Бельгіі і свеце.
 

18 верасня 2020, 12:48