Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

Святы Айцец абвясціў Дзень малітвы за Ліван

Францішак заклікаў вернікаў розных рэлігійных традыцый далучыцца да Дня малітвы і посту ў інтэнцыі Лівана. Ён пройдзе ў бліжэйшую пятніцу, 4 верасня 2020 г.

Святы Айцец нагадаў, што мінуў месяц пасля трагічных выбухаў у Бейруце, у выніку якіх загінула вялікая колькасць жыхароў Лівана. Ён выказаў словы падтрымкі ліванцам таксама ў сувязі з нестабільнасцю і глыбокім унутраным крызісам, які перажывае краіна.

Пантыфік заклікаў не пакідаць Ліван самотным перад абліччам праблем, нагадаўшы, што гэта краіна заўсёды была знакам надзеі, месцам талерантнасці і мірнага суіснавання, унікальным для свайго рэгіёну.

“Заклікаю ўсіх ліванцаў не пераставаць спадзявацца і знаходзіць сілы і энергію, неабходныя для таго, каб распачаць усё нанова. Прашу палітыкаў і рэлігійных лідараў са шчырасцю і дальнабачнасцю працаваць на карысць адбудовы, ахвяруючы прыватнымі інтарэсамі, скіроўваючы погляд на агульнае дабро і будучыню краіны”, - сказаў Папа 2 верасня 2020 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане.

Пантыфік заклікаў міжнародную супольнасць дапамагчы Лівану выйсці з крызісу. Ён заахвоціў мясцовае духавенства спрыяць згодзе, культуры сустрэчы, міру і братэрства, падтрымліваць вернікаў і ўвесь народ у імкненні станавіцца галоўнымі дзеючымі асобамі новага адраджэння.

Абвяшчаючы адмысловы Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі Лівана, Францішак заклікаў далучыцца да малітоўнай ініцыятывы таксама прадстаўнікоў розных канфесій і рэлігій.
 

02 верасня 2020, 13:05