Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: інтэгральная экалогія патрабуе ўнутранага навяртання

Неабходна “новая, больш інклюзіўная сацыяльна-эканамічная парадыгма”; трэба разарваць “логіку злоўжывання і эгаізму”. Пра гэта нагадаў Папа ў пасланні да ўдзельнікаў экалагічнай канферэнцыі “EcoOne”.

Ініцыятарамі міжнароднага культурнага форуму выступілі члены каталіцкага руху факаляраў. У сустрэчы на тэму “Новыя шляхі ў напрамку інтэгральнай экалогіі: праз пяць гадоў з моманту публікацыі Laudato si’” прымаюць удзел выкладчыкі, акадэмікі, даследчыкі і спецыялісты ў сферы прыродных навук. Мерапрыемства адбываецца з 23 па 25 кастрычніка 2020 г. у італьянскім Кастэль Гандольфа і мае на мэце аналіз уплыву экалагічнай энцыклікі Францішка на сучасны свет, а таксама ролі асобных людзей і сацыяльных структур у клопаце пра наш агульны дом.

Вітаючы ўдзельнікаў, Пантыфік заўважыў, што сёння патрэбна “цвёрдае жаданне развіваць і рэалізоўваць канкрэтныя меры, якія б пашыралі годнасць усіх людзей у іх чалавечых, сямейных і працоўных стасунках, і адначасова змагацца са структурнымі прычынамі беднасці, працуючы ў кірунку аховы натуральнага асяроддзя”.

Святы Айцец падзякаваў Руху факаляраў, прадстаўнікам Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека і Сусветнаму каталіцкаму руху на карысць клімату, якія зрабілі магчымым сустрэчу, якая прапануе “ўзаемазалежнае бачанне чалавецтва і клопату пра наш свет, зыходзячы з розных пунктаў гледжання: этычнага, навуковага, сацыяльнага і тэалагічнага”.

Нагадаўшы перакананне заснавальніцы Руху факаляраў К’яры Любіч адносна таго, што “свет нясе ў сабе харызму еднасці”, Папа пажадаў, каб “гэтая яе перспектыва” давала накірунак усёй працы канферэнцыі.

Францішак у чарговы раз заклікаў да “новай, больш інклюзіўнай сацыяльна-экалагічнай парадыгмы”, якая б адлюстроўвала тую праўду пра нас саміх, што мы з’яўляемся адзіным чалавецтвам, “сынамі адной зямлі, якая нас прымае”.

Інтэгральная экалогія патрабуе “глыбокага ўнутранага навяртання, як на асабістым, так і на супольным узроўні”, нагадаў Папа і заклікаў “разарваць логіку злоўжывання і эгаізму і пашыраць вопыт умеркаванага, простага і сціплага ладу жыцця”.

“Няхай вашая праца паспрыяе росту ў сэрцах нашых братоў і сясцёр узаемнай адказнасці адных перад другімі, як дзяцей Божых, і абноўленым намаганням на карысць таго, каб быць распарадчыкамі стварэння, Яго дару”, - пажадаў Святы Айцец.
 

24 кастрычніка 2020, 13:54