Францішак: Касцёл пакліканы дасягаць людзей з перыферый
Пантыфік заўважыў, што праз евангельскую прыпавесць пра караля, які справіў вяселле для свайго сына (Мц 22,1-14), Езус хоча паказаць задуму Бога адносна чалавецтва. Кароль – гэта вобраз Айца, які прыгатаваў для ўсёй чалавечай сям’і цудоўнае свята любові і адзінства вакол свайго адзінароднага Сына. Ён двойчы пасылаў слугаў, каб паклікалі запрошаных, але тыя адмаўляліся, бо думкі іх былі заняты іншым: полем і гандлем.
“Вельмі часта таксама і мы супрацьпастаўляем нашы інтарэсы і матэрыяльныя даброты Пану, які кліча нас. Але кароль з прыпавесці не жадае, каб банкетная зала засталася пустая, бо прагне дарыць скарбы свайго валадарства. Тады Ён кажа слугам: “Пайдзіце на ростані і ўсіх, каго сустрэнеце, запрасіце на вяселле” (Мц 22,9)”, - сказаў Папа.
Францішак заўважыў, што для абазначэння скрыжаванняў евангеліст Мацвей выкарыстоўвае “арыгінальны тэрмін”, які азначае месцы, дзе заканчваліся гарадскія дарогі і пачыналіся сцежкі, што вялі ў сельскую мясцовасць, дзе жыццё было вельмі бедным. Менавіта да чалавецтва з ростаняў кароль з прыпавесці паслаў слугаў, з упэўненасцю, што там яны знойдуць людзей, гатовых сесці за святочны стол. Такім чынам банкетная зала напоўнілася “адчужанымі”, тымі, якія ніколі не здаваліся годнымі ўдзельнічаць у свяце, у вяселлі.
“Гаворка ідзе пра тое, каб не прывязвацца да зручных і прывычных спосабаў евангелізацыі і сведчання міласэрнай любові, але адчыніць дзверы нашых сэрцаў і нашых супольнасцей на ўсіх, бо Евангелле не прызначана для некаторых выбраных. Нават людзей, якія знаходзяцца на ўскраінах, нават тых, хто стаў адрынуты і пагарджаны грамадствам, Бог лічыць годнымі сваёй любові. Ён накрывае свой стол для ўсіх: праведнікаў і грэшнікаў, добрых і дрэнных, разумных і неадукаваных”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Папа заўважыў, што ўмовай для ўдзелу ў вяселлі было святочная адзенне. Калі зала напоўнілася гасцямі, прыйшоў кароль і прывітаў запрошаных у апошні момант, але ўбачыў сярод іх аднаго, без вясельнай вопраткі – накідкі, якую кожны запрошаны атрымліваў у дар пры ўваходзе. Адмовіўшыся ад дару, гэты чалавек сам выключыў сябе і каралю нічога не заставалася, як загадаць выкінуць яго вон.
“Не дастаткова прыняць запрашэнне наследаваць Пана. Трэба быць гатовымі паўстаць на шлях навяртання, які змяняе сэрца. Вопратка міласэрнасці, якую Бог няспынна прапануе нам, гэта бескарыслівы дар Яго любові, гэта ласка. Яна патрабуе прыняцця з захапленнем і радасцю…”, - сказаў Папа.
“Няхай Найсвяцейшая Марыя дапаможа нам па прыкладзе слугаў з евангельскай прыпавесці выходзіць за рамкі нашых схемаў і нашых вузкіх поглядаў, абвяшчаючы ўсім тое, што Пан запрашае нас на сваё свята, каб адарыць нас ласкай, якая збаўляе”, - завяршыў сваё разважанне Пантыфік.