Пантыфік: малітва павінна развіваць у верніку адказнасць

Гэта свайго роду “атэізм”, калі чалавек ігнаруе наяўнасць Боскага вобразу ў іншым. Непрызнанне гэтага – блюзнерства і найгоршая праява нянавісці, - лічыць Францішак.

Падчас агульнай аўдыенцыі, якая 21 кастрычніка 2020 г. прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI, Францішак працягнуў катэхетычны цыкл, прысвечаны малітве. Як і на мінулым тыдні, ён засяродзіў увагу вернікаў на Кнізе Псальмаў.

Святы Айцец заўважыў, што ў біблейскай паэзіі часта ўзгадваецца адмоўная постаць “бязбожнага”, чалавека, які жыве так, нібыта Бог не існуе. Гэта асоба без адчування трансцэндэнтнасці, з няспыннай высакамернасцю, без паважання рэакцыі іншых.

Па гэтай прычыне Кніга Псальмаў прапануе малітву як фундаментальна важную для жыцця. Зварот да абсалюту і трансцэндэнтнасці – што настаўнікі аскетызму называюць “святой бояззю Божай” – гэта тое, што робіць нас цалкам гуманнымі, гэта мяжа, якая ратуе нас ад саміх сябе, не дазваляючы ісці па жыцці па-драпежніцку, пражэрліва. Калі малітва шчырая і зыходзіць з сэрца, яна дазваляе бачыць рэчаіснасць вачыма Бога, - падкрэсліў Францішак.

“Калі молімся, усё набывае глыбіню (…), нібыта Бог бярэ ўсё ў свае рукі і пераўтварае. Найгоршую паслугу, якую можам зрабіць Богу, а таксама чалавеку, гэта маліцца са стомленасцю, у сілу звычкі… Не! Маліцца трэба сэрцам. Малітва – гэта цэнтр жыцця. З малітвай таксама брат і сястра становяцца важнымі. Старадаўняе прыслоўе першых хрысціянскіх манахаў гучала так: “Шчаслівы манах, які ўсякага чалавека лічыць нібыта богам пасля Бога”. Хто пакланяецца Богу, той любіць Яго дзяцей. Хто паважае Бога, паважае людзей”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што малітва павінна весці не толькі да заспакаення душы, але і да адказнасці. Кніга Псальмаў вучыць менавіта такой форме малітвы.

“Мы бачылі, што ў псальмах не заўсёды ўжываюцца далікатныя і ласкавыя словы. Тым не менш, усе гэтыя малітвы выкарыстоўваліся спачатку ў ерузалемскай святыні, а потым у сінагогах; нават самыя прыватныя і асабістыя. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла кажа так: “Славесная разнастайнасць малітвы псальмаў нараджаецца адначасова ў літургіі Святыні і ў сэрцы чалавека” (2588). Такім чынам асабістая малітва чэрпаецца і сілкуецца спачатку з малітвы народа Ізраіля, а потым, малітвы народа Касцёла”, - нагадаў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што таксама псальмы, тэксты якіх прамаўляюць ад першай асобы і выражаюць яе самыя глыбокія думкі і праблемы, з’яўляюцца калектыўнай спадчынай. Імі могуць маліцца ўсе за ўсіх.

“Хрысціянская малітва мае гэты “подых”, гэта духоўнае “напружанне”, якое трымае разам Святыню і свет. Малітва можа пачынацца ў прыцемках касцёльнага нэфа, а завяршыць свой бег на вуліцах гарадоў. І наадварот, можа прарасці падчас штодзённых турбот і знайсці спаўненне ў літургіі. Дзверы касцёлаў – гэта не бар’еры, а прапускныя “мембраны”, гатовыя прыняць вокліч усіх”, - сказаў Францішак.

Святы Айцец падкрэсліў, што ў малітве псальмаў заўсёды прысутнічае свет: з іх гучыць Боскае абяцанне збаўлення самых слабых, папярэджанне пра небяспеку зямных багаццяў, Божы позірк на гісторыю.

“Дзе ёсць Бог, там павінен быць чалавек”, - падкрэсліў Пантыфік. Ён нагадаў словы з Першага паслання св. Яна: “Хто не любіць свайго брата, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць”.

Паводле Францішка, Святое Пісанне дапускае сітуацыю, калі ў чалавека, які шчыра шукае Бога, не атрымліваецца Яго сустрэць, але сцвярджае таксама, што нельга ігнараваць слёзы бедных, бо менавіта гэта стане прычынай, па якой не здолеем сустрэць Яго ніколі.

“Бог не выносіць “атэізму” людзей, якія ігнаруюць Боскі вобраз у кожным чалавеку. Гэта штодзённы атэізм: маўляў, я веру ў Бога, але да іншых людзей захоўваю дыстанцыю і нават дазваляю сабе ненавідзець іх. Гэта практычны атэізм. Непрызнанне чалавека ў якасці вобразу Бога – гэта блюзнерства, праява нянавісці, найгоршая абраза, якую можна здзейсніць у адносінах да Святыні і алтара”, - падкрэсліў Папа.

Завяршаючы катэхезу, Святы Айцец пажадаў вернікам, каб малітва псальмамі дапамагла ім не трапіць у спакусу “бязбожнасці”: жыцця, дзе не існуе ні Бога, ні бедных.

 

21 кастрычніка 2020, 12:40