Папа: адукацыя – эфектыўны шлях гуманізацыі свету і гісторыі
Пантыфік назваў сапраўднай “адукацыйнай катастрофай” сітуацыю, калі мільёны дзяцей вымушаны прыпыніць атрыманне адукацыі ў сувязі з эканамічным крызісам, выкліканым каронавірусам. Каля 250 млн дзяцей школьнага ўзросту ўвогуле не ўдзельнічаюць у фармацыйным працэсе.
Паводле Папы, у кантэксце актуальнага крызісу, які закрануў усе сферы жыцця чалавека і патрабуе “культурнага развароту”, важна памятаць пра “пераўтваральны патэнцыял адукацыі”.
Яна павінна спрыяць надзеі, супрацоўніцтву, адмаўленню ад раўнадушша, узаемнаму прыняццю. Адукацыя павінна быць “здольнай ствараць і паказваць новыя гарызонты, дзе гасціннасць, салідарнасць паміж пакаленнямі і каштоўнасць трансцэндэнтнасці ўтвараюць новую культуру”, - перакананы Святы Айцец.
Паводле Папы, адукацыя – супрацьяддзе ад культуры індывідуалізму, якая нярэдка выражаецца ў кульце “эга” і прыярытэце абыякавасці. Нашай будучыняй не могуць быць падзелы, збядненне магчымасцей для рэфлексіі і ўяўлення, слухання, дыялогу і ўзаемнага разумення, - падкрэсліў Святы Айцец.
Папа патлумачыў, што людзі, якія далучаюцца да Пагаднення, абавязваюцца ставіць асобу, яе каштоўнасць і годнасць, у цэнтр адукацыйнага працэсу; слухаць дзяцей і моладзь, перадаючы ім каштоўнасці і веды, каб разам будаваць будучыню справядлівасці і міру, годную жыцця кожнага чалавека; спрыяць поўнаму ўдзелу дзяцей і моладзі ў атрыманні адукацыі; успрымаць сям’ю ў якасці першага і неад’емнага суб’екта адукацыі; вучыць і вучыцца гасціннасці, асабліва ў адносінах да самых уразлівых і адрынутых людзей; шукаць новыя шляхі разумення эканомікі, палітыкі, прагрэсу, якія будуць служыць чалавеку і ўсёй чалавечай сям’і ў перспектыве інтэгральнай экалогіі; клапаціцца пра наш супольны дом, абараняючы яго рэсурсы, спрыяючы больш стрыманаму ладу жыцця і выкарыстанню ўстойлівых крыніц энергіі.
Святы Айцец заклікаў прыкласці сумесныя намаганні на карысць будавання цывілізацыі гармоніі і адзінства, дзе не будзе месца вераломнай пандэміі культуры адчужэння.