Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак падзякаваў за службу італьянскім карабінэрам

17 кастрычніка 2020 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі італьянскіх карабінэраў з рымскага аддзялення San Pietro, размешчанага побач з Ватыканам.

Пантыфік выказаў вайскоўцам падзяку за службу на карысць Апостальскай Сталіцы, якую яны здзяйсняюць у супрацоўніцтве з італьянскай паліцыяй і корпусам Ватыканскай жандармерыі.

Францішак звярнуў увагу на тое, што праца каля Ватыкана патрабуе аб праваахоўнікаў цярплівасці і асаблівай увагі да найбольш уразлівых людзей, у першую чаргу да пажылых, якія з’яўляюцца каранямі і жывой памяццю нашай культуры. Гэта, на яго думку, садзейнічае даверлівым адносінам і імкненню да агульнага дабра, якія ўстанаўліваюцца паміж карабінэрамі і народам. “Сапраўды, цікава: калі сустракаем карабінэра, мы ўпэўнены ў тым, што можам разлічваць на яго дапамогу”, - дадаў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што не ўсе ўчынкі, якія правахвоўнікі робяць дзеля дабра грамадства падчас штодзённай службы, становяцца бачнымі для іншых людзей ці нават для іх кіраўніцтва, але пра іх ніколі не забывае Бог.

Святы Айцец падкрэсліў, што місія карабінэраў патрабуе адкрытасці, разважлівасці, духа самаахвярнасці і пачуцця абавязку. Ён заклікаў сваіх гасцей дапамагаць людзям быць добрымі грамадзянамі і абаронцамі права на жыццё. “У выкананні вашай прафесійнай дзейнасці, няхай вас заўсёды суправаджае ўсведамленне таго, што кожны чалавек любімы Богам, з’яўляецца Яго стварэннем і ў сілу гэтага заслугоўвае пашаны”, - сцвердзіў Пантыфік.

 

 

17 кастрычніка 2020, 13:49