Папа пра марыялогію як пошук годнага месца для жанчын у Касцёле
Францішак падкрэсліў, што Другі Ватыканскі Сабор аддаў марыялогіі значнае месца. “Гэта сведчыць аб тым, што часы, у якія мы жывём, – гэта часы Марыі. І нам трэба нанова адкрыць Маці Божую з пункту гледжання Сабору. Так, як Сабор выявіў прыгажосць Касцёла, вярнуўшыся да крыніц і выдаліўшы пыл, які асядаў на ім на працягу стагоддзяў, так і цуды Марыі можна лепш адкрыць, перайшоўшы да сутнасці яе таямніцы. Узнікаюць два элементы, якія добра падкрэслівае Святое Пісанне: яна – маці і жанчына. Касцёл – гэта таксама маці і жанчына”, - звярнуў увагу Пантыфік.
, - перакананы Францішак.
На яго думку, свету “патрэбна мацярынства, якое генеруе і аднаўляе жыццё з пяшчотай, бо толькі дар, клопат і абмен падтрымліваюць чалавечую сям’ю”.
“Мы думаем пра свет без маці: у яго няма будучыні. Прыбытак і выгада самі па сабе не гарантуюць будучыні, наадварот, часам пашыраюць няроўнасць і несправядлівасць. А маці, наадварот, дапамагае кожнаму адчуваць сябе як дома і дае надзею”, - сказаў Папа.
Пантыфік заклікаў Папскі тэалагічны факультэт “Марыянум” у Рыме быць “братэрскай установай не толькі дзякуючы выдатнай сямейнай атмасферы, якая яго адрознівае, але і новым магчымасцям для супрацоўніцтва з іншымі інстытутамі, што дапаможа пашырыць кругагляд і ісці ў нагу з часам”.
Маці Божая – гэта жанчына, і менавіта роля жанчыны важная для гісторыі збаўлення, Касцёла і ўсяго свету, - зазначыў Францішак. “Але колькі жанчын не атрымліваюць належнай ім павагі! Жанчына, якая прынесла ў свет Бога, павінна мець магчымасць унесці ў гісторыю яго дары. Патрэбныя яе прыклад і стыль. Гэта патрэбна і тэалогіі, каб яна была не абстрактнай і канцэптуальнай, а далікатнай, апавядальнай і жыццёва важнай”, - заўважыў ён.
Марыялогія – гэта раздзел дагматычнай тэалогіі, які вывучае асобу Панны Марыі, Маці Езуса Хрыста, і Яе ролю ў гісторыі збаўлення. Часам росквіту марыялогіі сталі другая палова XIX ст. і першая палова XX ст. – перыяд, які азнаменаваўся, у прыватнасці, абвяшчэннем Піем IX у 1854 г. догмату аб Беззаганным Зачацці Панны Марыі, а таксама Піем XII у 1950 г. догмату аб Яе ўзяцці ў нябесную славу. Другі Ватыканскі Сабор выклаў вучэнне пра Марыю ў дагматычнай канстытуцыі пра Касцёл Lumen gentium.