Папа: пошук уласнага ўратавання не вядзе да збаўлення
20 кастрычніка 2020 г., у рамках міжрэлігійнай малітоўнай сустрэчы на тэму: “Ніхто не збаўляецца ў адзіночку – мір і братэрства”, Францішак памаліўся з прадстаўнікамі хрысціянскіх канфесій у рымскай базыліцы Санта-Марыя-ін-Арачэлі.
“Маліцца разам – гэта дар” – такімі словамі распачаў казанне Пантыфік, у якім супрацьпаставіў чалавечы эгаізм і сапраўдную любоў да бліжніх.
Папа заўважыў, што евангельскі ўрывак пра ўкрыжаванне Езуса, які быў зачытаны ў пачатку малітоўнай сустрэчы, выяўляе апошняе зямное выпрабаванне Божага Сына: спакусу забыцца пра іншых і думаць толькі пра ўласнае выратаванне. Да гэтага Яго штурхалі людзі, якія крычалі: “Уратуй сябе самога!”.
, - падкрэсліў Святы Айцец.
Па-першае, Францішак звярнуў увагу на вобраз прахожых, якія крычалі Езусу: “Уратуй сябе самога!”. Яны не мелі спагадлівасці. Адзінае, чаго яны хацелі, – убачыць цуд. Папа запрасіў падумаць над тым, ці часам не хочам і мы мець “хутчэй відовішчнага, чым спагадлівага Бога”, “Бога магутнага ў вачах свету, Які выклікае страх сваёй моцай і вымушае ўцякаць тых, хто жадае нам зла”. Калі так, то гэта не Бог – гэта нашае “я”, сцвердзіў Францішак і перасцярог, што культ уласнага “я” расце і жывіцца “абыякавасцю да іншага чалавека”.
Па-другое, Папа засяродзіўся на постацях першасвятароў і кніжнікаў, якія першымі абвінавацілі Езуса, бо ўяўляў для іх пагрозу. “Усе мы – спецыялісты па ўкрыжаванні іншых, каб толькі ўратаваць сябе”, сказаў Пантыфік і заўважыў пры гэтым, што Езус дазволіў Сябе ўкрыжаваць, каб навучыць нас не перакладаць цяжкасці на іншых.
, - сказаў Папа.
Нарэшце, пазнаць сябе, на думку Папы, мы можам і ў злачынцах, укрыжаваных разам з Езусам: яны падтрымалі тых, хто зневажаў Божага Сына, бо вельмі “проста крытыкаваць, выказвацца супраць, бачыць зло ў іншых, а не ў сабе, перакладаючы віну на самых слабых і адчужаных”. “Уратуй сябе і нас!” (Лк 23,39): Езус быў патрэбны злачынцам толькі для таго, каб Ён вырашыў іх праблемы. “Аднак Бог прыйшоў (…), каб вызваліць нас з сапраўднай праблемы, якой з’яўляецца недахоп любові”, - сцвердзіў Францішак і ў якасці прыкладу ўказаў на злачынца, які пакаяўся: ён атрымаў неба, як толькі перанёс увагу з сябе на Езуса, з сябе – на таго, хто побач (гл. Лк 23,42).
Толькі любоў “утаймоўвае нянавісць”, “канчаткова перамагае несправядлівасць”, “стварае месца для іншага” і “з’яўляецца шляхам да поўнага адзінства” паміж людзьмі, - сказаў Папа. Ён пажадаў удзельнікам сустрэчы і вернікам іх супольнасцей станавіцца ўсё больш з’яднанымі з Езусам, каб быць усё больш адкрытымі і “ўніверсальнымі”, адчуваючы адказнасць за іншых.
“Няхай Пан дапаможа нам ісці разам па дарозе братэрства, каб мы былі вернымі сведкамі сапраўднага Бога”, - пажадаў Святы Айцец.