Папа падчас міжрэлігійнай малітоўнай сустрэчы за мір Папа падчас міжрэлігійнай малітоўнай сустрэчы за мір 

Папа: пошук уласнага ўратавання не вядзе да збаўлення

Дарогай для ўласнага збаўлення з’яўляецца клопат пра патрэбы іншага чалавека, найперш, беднага і адкінутага, - перакананы Францішак.

20 кастрычніка 2020 г., у рамках міжрэлігійнай малітоўнай сустрэчы на тэму: “Ніхто не збаўляецца ў адзіночку – мір і братэрства”, Францішак памаліўся з прадстаўнікамі хрысціянскіх канфесій у рымскай базыліцы Санта-Марыя-ін-Арачэлі.

“Маліцца разам – гэта дар” – такімі словамі распачаў казанне Пантыфік, у якім супрацьпаставіў чалавечы эгаізм і сапраўдную любоў да бліжніх.

Папа заўважыў, што евангельскі ўрывак пра ўкрыжаванне Езуса, які быў зачытаны ў пачатку малітоўнай сустрэчы, выяўляе апошняе зямное выпрабаванне Божага Сына: спакусу забыцца пра іншых і думаць толькі пра ўласнае выратаванне. Да гэтага Яго штурхалі людзі, якія крычалі: “Уратуй сябе самога!”.

“Гэта галоўная спакуса, якая падпільноўвае ўсіх, таксама і нас, хрысціян: спакуса думаць толькі пра збаўленне сябе і свайго акружэння, быць занятымі толькі ўласнымі праблемамі і інтарэсамі, лічачы ўсё астатняе няважным. Гэта вельмі чалавечы і, аднак, вельмі дрэнны інстынкт”

, - падкрэсліў Святы Айцец.

Па-першае, Францішак звярнуў увагу на вобраз прахожых, якія крычалі Езусу: “Уратуй сябе самога!”. Яны не мелі спагадлівасці. Адзінае, чаго яны хацелі, – убачыць цуд. Папа запрасіў падумаць над тым, ці часам не хочам і мы мець “хутчэй відовішчнага, чым спагадлівага Бога”, “Бога магутнага ў вачах свету, Які выклікае страх сваёй моцай і вымушае ўцякаць тых, хто жадае нам зла”. Калі так, то гэта не Бог – гэта нашае “я”, сцвердзіў Францішак і перасцярог, што культ уласнага “я” расце і жывіцца “абыякавасцю да іншага чалавека”.

Па-другое, Папа засяродзіўся на постацях першасвятароў і кніжнікаў, якія першымі абвінавацілі Езуса, бо ўяўляў для іх пагрозу. “Усе мы – спецыялісты па ўкрыжаванні іншых, каб толькі ўратаваць сябе”, сказаў Пантыфік і заўважыў пры гэтым, што Езус дазволіў Сябе ўкрыжаваць, каб навучыць нас не перакладаць цяжкасці на іншых.

“Евангелле “ўратавання сябе самога” не з’яўляецца Евангеллем збаўлення. Гэта найбольш ілжывае несапраўднае евангелле, якое ўскладае крыжы на іншых. Сапраўднае ж Евангелле бярэ на сябе крыжы іншых людзей”

, - сказаў Папа.

Нарэшце, пазнаць сябе, на думку Папы, мы можам і ў злачынцах, укрыжаваных разам з Езусам: яны падтрымалі тых, хто зневажаў Божага Сына, бо вельмі “проста крытыкаваць, выказвацца супраць, бачыць зло ў іншых, а не ў сабе, перакладаючы віну на самых слабых і адчужаных”. “Уратуй сябе і нас!” (Лк 23,39): Езус быў патрэбны злачынцам толькі для таго, каб Ён вырашыў іх праблемы. “Аднак Бог прыйшоў (…), каб вызваліць нас з сапраўднай праблемы, якой з’яўляецца недахоп любові”, - сцвердзіў Францішак і ў якасці прыкладу ўказаў на злачынца, які пакаяўся: ён атрымаў неба, як толькі перанёс увагу з сябе на Езуса, з сябе – на таго, хто побач (гл. Лк 23,42).

Толькі любоў “утаймоўвае нянавісць”, “канчаткова перамагае несправядлівасць”, “стварае месца для іншага” і “з’яўляецца шляхам да поўнага адзінства” паміж людзьмі, - сказаў Папа. Ён пажадаў удзельнікам сустрэчы і вернікам іх супольнасцей станавіцца ўсё больш з’яднанымі з Езусам, каб быць усё больш адкрытымі і “ўніверсальнымі”, адчуваючы адказнасць за іншых.

“Няхай Пан дапаможа нам ісці разам па дарозе братэрства, каб мы былі вернымі сведкамі сапраўднага Бога”, - пажадаў Святы Айцец.
 

20 кастрычніка 2020, 17:34