Святы Айцец: мір павінен быць прыярытэтам кожнай палітыкі

Рэлігіі не жадаюць вайны і заклікаюць усіх маліцца аб прымірэнні і дзейнічаць з тым, каб братэрства адкрыла новыя сцежкі надзеі, сцвердзіў Францішак.

20 кастрычніка 2020 г. Святы Айцец далучыўся да прадстаўнікоў розных рэлігій свету, разам з якімі прыняў удзел ва ўрачыстых цырымоніях на Капіталійскай плошчы ў Рыме з нагоды міжрэлігійнай малітоўнай сустрэчы на тэму “Ніхто не збаўляецца ў адзіночку – мір і братэрства”.

У сваёй прамове Францішак, перш за ўсё, падкрэсліў, што ініцыятыва “Супольнасці св. Эгідзія”, якая вось ужо 34 гады збірае прадстаўнікоў розных веравызнанняў разам, каб сумесна маліцца аб міры, дае свой плён, як, напрыклад, падпісанне ў 2019 г. у Абу-Дабі “Дэкларацыі аб братэрстве паміж людзьмі, міры ў свеце і агульным суіснаванні”.

“Веруючыя людзі ўсвядомілі, што разнастайнасць рэлігій не апраўдвае абыякасць або варожасць. Наадварот, дзякуючы веры можна стаць рамеснікамі міру, а не бяздзейнымі сведкамі зла, якое нясуць вайна і нянавісць”

, - сказаў Пантыфік.

Ён выказаў занепакоенасць існуючай рызыкай “прызвычайвання да вайны як да натуральнага спадарожніка гісторыі народаў” і заклікаў міжнародную супольнасць не абмяжоўвацца тэарэтычнымі абмеркаваннямі, але выходзіць насустрач ахвярам жорсткасці, бежанцам, пацярпелым ад ядзернай радыяцыі і хімічных атак, жанчынам, якія страцілі дзяцей, дзецям, якіх пазбавілі дзяцінства. Да гэтага, падкрэсліў Папа, сёння дадаюцца тэрміновыя патрэбы многіх краін, выкліканыя пандэміяй каронавіруса.

“Пакласці канец вайне – неадкладны абавязак перад Богам усіх адказных у сферы палітыкі. Мір з’яўляецца прыярытэтам кожнай палітыкі. Бог будзе патрабаваць справаздачы ў кожнага, хто не шукаў міру або распальваў напружанасць і канфлікты, – за ўсе дні, месяцы, годы вайны, што закранула народы!”

 - перасцярог Пантыфік.

Ён заклікаў спыніць узбраенне, жорсткасць і вайну, нагадаўшы словы Езуса: “Схавай меч свой, бо кожны, хто бярэ меч, ад мяча і загіне” (Мц 26,52). Пры гэтым Папа запэўніў, што ніводзін народ, ніводная супольнасць не ў стане паасобку “дасягнуць міру, дабрабыту, бяспекі і шчасця”. Трэба, каб у жыцці народаў, супольнасцей, урадаў і міжнародных сходаў запанавала братэрства: тады пачне ўзмацняцца ўсведамленне таго, што збавіцца можна толькі разам, сустракаючыся, дамаўляючыся, прыміраючыся і выпрацоўваючы канкрэтныя шляхі да міру.

“Рэлігіі не жадаюць вайны, больш за тое, не прымаюць тых, хто асвячае насілле, заклікаюць усіх маліцца аб прымірэнні і дзейнічаць з тым, каб братэрства адкрыла новыя сцежкі надзеі. З Божай дапамогай магчыма пабудаваць свет міру і, такім чынам, разам збавіцца”, - сказаў Святы Айцец.
 

20 кастрычніка 2020, 21:34