Аўдыенцыя для дэлегацыі Папскага пабожнага лацінаамерыканскага калегіума Аўдыенцыя для дэлегацыі Папскага пабожнага лацінаамерыканскага калегіума 

Францішак: пачуццё братэрства павінна перамагчы раўнадушша

20 лістапада 2020 г. Францішак прыняў на аўдыенцыі супольнасць Папскага пабожнага лацінаамерыканскага калегіума (Pontifico Collegio Pio Latinoamericano).

Святы Айцец заўважыў, што калегіум аб’ядноўвае духавенства з усёй Лацінскай Амерыкі. Евангелле і яго пасланне дасягнулі гэтай зямлі праз чалавечыя сродкі, не пазбаўленыя граху, але ласка ўзяла верх над чалавечай слабасцю і Божае слова распаўсюдзілася ва ўсіх кутках кантынента, - сказаў ён.

Паводле Пантыфіка, цуд прыняцця Евангелля ў багатай разнастайнасці форм у рэгіёне, можна сузіраць і зараз. Ён стаў магчымы дзякуючы адкрытасці сэрцаў перад тым, што іншы мог падарыць на чалавечым, культурным і рэлігійным узроўнях.

Францішак заўважыў, што лацінаамерыканцы пражываюць на ўсіх кантынентах і ўзбагачаюць многія хрысціянскія супольнасці. Ён заклікаў духавенства “сеяць Божае слова з шчодрасцю, без забабонаў, як сее Бог, які не зважае ні на цвёрдасць зямлі, ні на прысутнасць камянёў ці церняў, не выбірае каласоўнік, каб не выпалаць разам з ім і добрае зерне Валадарства”.

Папа заўважыў, што важна адкрыць браму сэрца і сэрцаў на Бога і на братоў, каб не забываць, што нашыя адносіны з Панам можна ацаніць па тым, як адносімся да бліжняга.

“Калі адкрываеце сэрца аднолькава на ўсіх, з любові да Бога, тады ствараеце прастору, у якой Бог і бліжні могуць сустрэцца. Ніколі не пераставайце паказваць гатоўнасць да гэтага, гэту адкрытасць: ніколі не зачыняйце дзверы перад тымі, хто ў глыбіні сэрца прагне ўвайсці і адчуць сябе прынятым. Думайце, што вас кліча Пан у адзенні беднага, каб усім разам сесці за Яго святочным сталом”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў лацінаамерыканскіх святароў працягваць руку людзям і дапамагаць рабіць гэтага іншым. Важна дапамагаць вернікам адчуваць сябе карыснымі, адказнымі, патрэбнымі, а таксама ствараць сферы ў якіх яны змогуць супрацоўнічаць. “Трэба змагацца з культурай адчужэння, сацыяльнай сегрэгацыяй, недаверам і забабонамі на расавай, культурнай ці рэлігійнай глебе, каб пачуццё братэрства перамагала раўнадушша”, - заахвоціў Святы Айцец.

Папа нагадаў святарам пра важнасць аздараўлення свету ад вялікага зла, якое прычыняе яму пакуты. “Свет працягвае зачыняць дзверы, адмаўляцца ад дыялогу і супрацоўніцтва, адмаўляецца адкрыцца з шчырасцю на сумесныя намаганні дзеля дабра, якое дасягне ўсіх. Барацьба з гэтай заганай павінна зыходзіць знізу, з сэрцаў і душаў людзей, якія аднойчы будуць давераны вам, з канкрэтных прапаноў у сферы адукацыі, катэхізацыі, сацыяльнай дзейнасці, здольных змяняць мысленне і адкрываць прасторы, каб перамагаць зло і даваць Богу з’яднаны народ”, - сказаў сваім гасцям Францішак.
 

20 лістапада 2020, 13:06