Папа Францішак і Патрыярх Барталамей І Папа Францішак і Патрыярх Барталамей І 

Францішак скіраваў святочнае пасланне да Барталамея І

Войны і канфлікты будуць працягвацца пакуль людзі не зразумеюць, што з’яўляюцца братамі і сёстрамі, - напісаў Папа ў пасланні да Патрыярха Барталамея І.

Святы Айцец прымеркаваў свой зварот да свята св. Андрэя, апекуна Канстантынопальскага Патрыяртаху. Ліст асабіста ўручыў Патрыярху кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству і кіраўнік ватыканскай дэлегацыі, якая прыбыла ў Стамбул.

Пантыфік звярнуў увагу на тое факт, што свет пакутуе не толькі ад пандэміі, але таксама ад шматлікіх узброеных канфліктаў, якія забіраюць жыццё ў вялікай колькасць людзей.

“Безумоўна, усе мірныя ініцыятывы нацыянальных і міжнародных структур з’яўляюцца карыснымі і неабходнымі, але канфлікты і насілле не спыняцца пакуль людзі не дасягнуць больш глыбокага ўсведамлення таго, што маюць адказнасць адзін за аднаго, як браты і сёстры”, - напісаў Папа.

Францішак прызнаўся, што меў магчымасць асабіста адчуць, што такое братэрства, падчас розных сустрэч з Патрыярхам Барталамеем. Ён заўважыў, што Канстантынопальскі Патрыярхат прадэманстраваў жаданне большай еднасці і разумення паміж хрысціянамі, яшчэ да таго як Каталіцкі Касцёл і іншыя Цэрквы пачалі весці дыялог. У сувязі з гэтым Папа працытаваў зварот Святога Сінода Экуменічнага Патрыярху, які быў скіраваны да Цэркваў 100 гадоў таму.

“Калі розныя Цэрквы натхняюцца любоўю і ставяць яе перад сваім суджэннем аб іншых”, “яны могуць, замест таго, каб павялічваць і пашыраць існуючыя рознагалоссі, памяншаць іх”, а будучы адкрытымі на дар, і кожны раз, калі з’яўляецца магчымасць, працягваюць руку дапамогі, “тады яны зробяць і споўняць шмат добрых спраў, на хвалу і карысць сабе і ўсяму хрысціянскаму целу”, - нагадаў словы дакумента Папа.

Францішак заўважыў, што гэты тэкст не згубіў сваёй актуальнасці. Ён выказаў упэўненасць, што ідучы разам ва ўзаемнай любові і ведучы тэалагічны дыялог, будзе магчыма дасягнуць аднаўлення поўнай эўхарыстычнай еднасці.
 

30 лістапада 2020, 12:42