Папа падчас св. Імшы ў базыліцы св .Пятра Папа падчас св. Імшы ў базыліцы св .Пятра 

Пантыфік: учынкі міласэрнасці найбольш праслаўляюць Бога

Выбіраць жыццё – значыць змагацца з мысленнем паводле прынцыпу “выкарыстай і выкінь” і “усё і цяпер”, каб скіроўваць жыццё да нябесных мэтаў, да Божых мараў, - падкрэсліў Францішак.

Ва ўрачыстаць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, 22 лістапада 2020 г., Папа ўзначаліў урачыстую св. Імшу ў ватыканскай базыліцы, на заканчэнне якой адбылася цырымонія перадачы сімвалаў Сусветных дзён моладзі. Дэлегацыя з Панамы ўручыла Крыж і копію іконы Маці Божай Salus Populi Romani партугальскай моладзі – наступная сустрэча запланавана на 2023 г. у Лісабоне.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на літургічнае евангельскае чытанне (Мц 25,37-40), у якім гаворыцца, што Хрыстус будзе судзіць паводле ўчынкаў любові. Папа нагадаў, што Езус атаясамлівае сябе з самымі беднымі ці чужынцамі.

Звяртаючыся да моладзі Францішак нагадаў пра прыклад св. Марціна, які падзяліўся паловай свайго плашча з бедным. Ён падкрэсліў, што гэты святы быў чалавекам вялікіх мараў. “Дарагая моладзь, дарагія браты і сёстры, не будзем адракацца ад нашых вялікіх мараў… Мы створаны не для таго, каб марыць пра канікулы ці выходныя, але, каб спаўняць Божыя мары ў гэтым свеце”, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў, што ўчынкі міласэрнасці з’яўляюцца самымі цудоўнымі ўчынкамі ў жыцці і найбольш праслаўляюць Бога.

Францішак заўважыў, што здзяйсненне вялікіх мар пачынаецца з прыняцця сур’ёзных рашэнняў. “Калі мы выбіраем Бога, кожны дзень становімся ўсё больш любімымі, а калі выбіраем любоў – становімся шчаслівымі”, - сцвердзіў ён.

Святы Айцец заклікаў моладзь да самаахвярнасці, пазбягання спакус спажывецкай цывілізацыі і засяроджанасці на індывідуальных правах, памятаць пра абавязак дапамогі бліжнім.

Папа заўважыў, што мы кожны дзень робім выбар паміж тым, чаго хочам, і тым, што добра для нас. “З гэтага ўнутранага пошуку могуць выходзіць банальныя рашэнні ці выбар жыцця – усё залежыць ад нас. Звернемся да Езуса, папросім Яго аб мужнасці, каб выбіраць тое, што добрае для нас, каб ісці за Ім шляхам любові, каб адшукаць радасць, каб жыць, а не існаваць”, - сказаў на заканчэнне гаміліі Пантыфік.
 

22 лістапада 2020, 11:50