Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак заклікаў спыніць кровапраліцце ў Нагорным Карабаху

Папа заклікаў бакі канфлікту ў Нагорным Карабаху спыніць сутыкненні і вырашаць супярэчнасці мірным шляхам. Аб гэтым ён сказаў пасля малітвы “Анёл Панскі”, якая прайшла 1 лістапада 2020 г. у Ватыкане.

“У гэты святочны дзень не будзем забываць пра тое, што адбываецца ў Нагорным Карабаху, дзе ўзброеныя сутыкненні чаргуюцца з кволымі перамір’ямі, з трагічным павелічэннем колькасці ахвяр, разбурэннем дамоў, інфраструктуры і месцаў культу, усё больш і больш закранаючы мірнае насельніцтва. Гэта трагічна”, - заўважыў Пантыфік.

Папа зноў заклікаў кіраўнікоў бакоў канфлікту як мага хутчэй спыніць кровапраліцце і імкнуцца вырашыць супярэчнасці не насіллем, а шляхам шчырых перамоў, з дапамогай міжнароднай супольнасці. “З майго боку я запэўніваю ў сваёй блізкасці ўсіх тых, хто пакутуе, а таксама заклікаю маліцца праз заступніцтва святых аб трывалым міры ў гэтым рэгіёне”, - сказаў Францішак.

Папа заклікаў вернікаў таксама маліцца за ахвяр землятрусу ў Эгейскім моры, якое адбылося два дні таму.
 

01 лістапада 2020, 13:16