Св. Павел ад Крыжа, заснавальнік кангрэнацыі Мукі Езуса Хрыста Св. Павел ад Крыжа, заснавальнік кангрэнацыі Мукі Езуса Хрыста 

Папа да пасіяністаў: быць побач з укрыжаванымі нашай эпохі

Ставіць пасхальную таямніцу ў цэнтр жыцця – заданне кангрэгацыі Мукі Езуса Хрыста. Папа павіншаваў айцоў-пасіяністаў у 300-годдзе з дня заснавання іх манаскай супольнасці.

У спецыяльным лісце, абнародаваным 19 лістапада 2020 г., Францішак заўважыў, што юбілей, гэта нагода для кангрэгацыі пачаць крочыць да новых апостальскіх мэт, не трапляючы ў спакусу “пакінуць усё так, як ёсць”.

“Кантакт з Божым словам у малітве і чытанне знакаў часу ў штодзённых падзеях, дапаможа адчуць творчы подых Духа, які лунае ў часе, даючы адказы на чаканні чалавецтва”, - напісаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што чалавецтва ўвайшло ў спіраль змен, якія ставяць пад пытанне не толькі культурныя каштоўнасці, што ўзбагачалі яго дагэтуль, але і самую глыбокую сутнасць чалавечай прыроды. Ён заклікаў манахаў дбаць пра новы лад жыцця і шукаць новыя формы абвяшчэння любові Укрыжаванага, даючы сведчанне аб сваёй тоеснасці.

Папа звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць удзячнасці, прароцтва і надзеі. “Той, хто занураны ў сузіранне і абвяшчэнне любові, падоранай нам на крыжы, апынаецца яе прадаўжэннем у гісторыі, а яго жыццё становіцца рэалізаваным і шчаслівым”, - напісаў ён.

Паводле Францішка, прарочыць магчыма, калі малітва становіцца “дыханнем душы” і калі заўважаем рух Духа Святога ў глыбіні сэрца і ва ўсім стварэнні. “Тады слова, якое абвяшчаем, заўсёды адпавядае патрэбам сучаснасці. Няхай memoria passionis зробіць вас прарокамі Укрыжаванага ў свеце, які траціць сэнс любові”, - заклікаў Пантыфік.

Святы Айцец параўнаў надзею да зерня, якое памірае, каб даць вялікі плён, і заклікаў радавацца таму, што маем, не наракаючы з прычыны нястачы. “У любым выпадку, не дазвольце каб у вас скралі радасць евангелізацыі”, - заахвоціў манахаў Папа.

Францішак пажадаў, каб місіянерская дзейнасць пасіяністаў была скіравана ў першую чаргу да “ўкрыжаваных” нашай эпохі: бедных, слабых, прыгнечаных і адкінутых шматлікімі формамі несправядлівасці.

“Выкананне гэтага задання будзе патрабаваць ад вас шчырых высілкаў на карысць духоўнага абнаўлення, якое грунтуецца на асабістых адносінах з Укрыжаваным-Уваскрослым. Толькі той, хто быў укрыжаваны любоўю, як Езус на крыжы, здольны дапамагаць словам і плённай дзейнасцю тым, хто быў укрыжаваны ў гісторыі. Немагчыма пераканаць іншых у Божай любові толькі праз вербальнае і інфармацыйнае прапаведаванне. Патрэбны канкрэтныя жэсты, якія дазволяць адчуць любоў у вашай уласнай любові…”, - нагадаў манахам Святы Айцец.
 

19 лістапада 2020, 12:46