Папа: кожны крочыць да святасці сваім непаўторным шляхам
Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая 1 лістапада 2020 г. адбылася ў Ватыкане, Пантыфік падкрэсліў, што праз урачыстасць Усіх Святых, “Касцёл запрашае нас паразважаць над вялікай надзеяй, што грунтуецца на ўваскрасенні Хрыста”.
“Святыя і благаслаўлёныя – гэта самыя аўтарытэтныя сведкі хрысціянскай надзеі, бо жылі ёй напоўніцу, сярод радасцей і пакут, спаўняючы благаслаўленні, якія Езус прапаведваў і якія сёння ўзгадваюцца ў літургіі (пар. Мц 5,1-12а). Евангельскія благаслаўленні, насамрэч, з’яўляюцца шляхам святасці”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец звярнуў увагу вернікаў на другое і трэцяе благаслаўленне. Другое гучыць так: “Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны” (Мц 5,4). “Гэтыя словы здаюцца супярэчлівымі, бо смутак – гэта не знак радасці і шчасця. Прычына смутку і пакут – гэта смерць, хвароба, маральныя нягоды, грэх і памылкі. Гэта проста штодзённае жыццё – уразлівае, слабое і пазначанае цяжкасцям; часам параненае і выпрабаванае няўдзячнасцю і непаразуменнем”, - сказаў Папа.
Францішак нагадаў, што ў трэцім евангельскім благаслаўленні Езус сцвярджае: “Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю” (Мц 5,5). Лагоднасць – гэта рыса Езуса, які кажа пра сябе: “Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам” (Мц 11,29). “Ціхія, гэта тыя, які ўмеюць панаваць над сабой, якія пакідаюць месца іншаму, якія слухаюць і паважаюць яго ў сваім ладзе жыцця, у сваіх патрэбах і патрабаваннях. Яны не імкнуцца прыгнятаць ці прыніжаць іншага чалавека, не жадаюць узвышацца і панаваць над усім, не жадаюць навязваць свае ідэі і інтарэсы за кошт іншых. Такія людзі, якіх не цэніць ментальнасць гэтага свету, тым не менш з’яўляюцца каштоўнымі ў вачах Бога, які дае ім у спадчыну абяцаную зямлю, гэта значыць вечнае жыццё. Гэта благаслаўленне пачынаецца тут, на зямлі, і спаўняецца ў Хрысце”, - сцвердзіў Святы Айцец.
“Дарагія браты і сёстры, рабіць выбар на карысць чысціні, лагоднасці і міласэрнасці; давяраць Пану ва ўбогасці духа і ў смутку; працаваць на карысць справядлівасці і міру – усё гэта значыць ісці супраць плыні мыслення гэтага свету, культуры прагнасці, бессэнсоўных забаваў, высакамернасці ў адносінах да самых слабых. Гэтым евангельскім шляхам прайшлі святыя і благаслаўлёныя. Сённяшняя ўрачыстасць, у якой ушаноўваем Усіх Святых, нагадвае пра асабістае і паўсюднае пакліканне да святасці і прапануе надзейныя мадэлі для гэтага шляху, якім кожны праходзіць выключным, непаўторным чынам. Дастаткова падумаць пра невычэрпную разнастайнасць дароў і канкрэтных гісторый святых: яны не былі аднолькавымі, кожны з іх быў асаблівым і развіў сваё жыццё ў святасці згодна са сваёй асаблівасцю. Кожны з нас можа крочыць гэтым шляхам лагоднасці: калі ласка, будзем лагодным і ідзём да святасці”, - заклікаў Пантыфік.
“Гэтая вялізарная сям’я верных вучняў Хрыста мае Маці, Панну Марыю. Мы ўшаноўваем Яе пад тытулам Уладарка ўсіх святых, але перш за ўсё як Маці, якая вучыць кожнага чалавека прымаць Яе Сына і ісці за Ім. Няхай Яна дапаможа нам умацоўваць прагненне святасці, пілігрымуючы па шляху благаслаўленняў”, - сказаў на заканчэнне разважання Францішак.