Папа падчас сустрэчы з Дыега Марадонай Папа падчас сустрэчы з Дыега Марадонай 

Францішак моліцца аб вечным супакоі для Дыега Марадоны

Святы Айцец моліцца за памерлага Дыега Арманда Марадону. Легендарны аргентынскі футбаліст адышоў у вечнасць 25 лістапада 2020 г. у 60-гадовым узросце.

“Папа быў паінфармаваны аб смерці Дыега Марадоны. Ён з любоўю ўспамінае пра сустрэчы, якія мелі месца ў гэтыя гады, а таксама моліцца за яго, як рабіў у апошнія дні, калі даведаўся пра яго стан здароўя”, - сказаў журналістам кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні.

Францішак некалькі разоў сустракаўся з Марадонай у Ватыкане. Славуты спартсмен прымаў удзел у футбольным матчы за мір, які адбыўся ў 2014 г. у Рыме па ініцыятыве Святога Айца, а таксама ўдзельнічаў у адукацыйных праектах Папскага фонда Scholas Occurentes.

Марадона прызнаваўся, што вельмі ўдзячны Пантыфіку за любоў, павагу і клопат аб дзецях. “Мы размаўлялі пра многія рэчы, пра неабходнасць аб’яднання футбалістаў дзеля супольнай дзейнасці на карысць дзяцей, якія галадаюць у многіх частках свету”, - казаў спартсмен пасля адной з сустрэч з Пантыфікам. Ён жартам называў сябе “капітанам каманды Францішка”.
 

26 лістапада 2020, 10:18