Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец у Дзень Задушны: маліцца за ахвяр каронавіруса

Францішак заклікаў маліцца за памерлых, асабліва ахвяр пандэміі. Адмысловы твіт ён скіраваў з нагоды Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, які адзначаецца 2 лістапада.

“Сёння будзем маліцца за ўсіх памерлых вернікаў, асабліва за ахвяр каронавіруса: за тых, хто памёр у самотнасці, без апекі сваіх блізкіх, а таксама за ўсіх людзей, якія ахвяравалі жыццём у служэнні хворым”, - заклікаў Пантыфік.

2 лістапада Папа будзе цэлебраваць св. Імшу ў касцёле на ватыканскіх Тэўтонскіх могілках. Пасля жалобнай літургіі ён здзейсніць візіт у Ватыканскія гроты, каб памаліцца за пахаваных там Пантыфікаў.

У 2019 г. Францішак маліўся за памерлых у старажытных рымскіх Катакомбах Прысцылы. У 2018 г. цэлебраваў св. Імшу на рымскіх Лаўрэнтынскіх могілках, а таксама памаліўся ў іх асобнай частцы, якая называецца “Сад анёлаў” – там пахаваны ненароджаныя і дзеці. У 2017 г. Папа ўзначаліў жалобную літургію на амерыканскіх вайсковых могілках у Нэтуна, а таксама наведаў Ардэатынскія пячоры на ўскраіне Рыма, месца расстрэлу ў сакавіку 1944 г. 335 італьянцаў, падчас акупацыі Вечнага горада нацыстамі. У 2016 г. Францішак маліўся на тэрыторыі рымскага Чымітэра-Прыма-Порта, а ў першыя тры гады свайго пантыфікату наведваў рымскія манументальныя могілкі Кампа-Верана.
 

02 лістапада 2020, 12:40