"Анёл Панскі": навяртанне ўключае боль за здзейсненыя грахі
Францішак спаслаўся на Евангелле Другой нядзелі Адвэнту (Мк 1, 1-8) і нагадаў яго галоўны пасыл – патрэбу кожнага ў навяртанні. Ён нагадаў, што ў Святым Пісанні навяртанне – гэта змена кірунку і спосабу мыслення.
“У маральным і духоўным жыцці навяртанне азначае зварот ад зла да дабра, ад граху да Божай любові. Гэтаму вучыў Ян Хрысціцель, які ў Юдэйскай пустыні “абвяшчаў хрост пакаяння для адпушчэння грахоў”. Хрост быў знешнім і бачным знакам навяртання тых, хто слухаў яго пропаведзь і вырашыў пакаяцца. Хрост адбываўся праз пагружэнне ў ваду, але заставаўся бескарысным, калі не было гатоўнасці пакаяцца і змяніць сваё жыццё”, - заўважыў Папа.
, - падкрэсліў Святы Айцец.
І тут Ян Хрысціцель, чалавек, які “адмаўляецца ад лішняга і шукае неабходнае”, для хрысціян з’яўляецца першым прыкладам, бо галоўная рыса навяртання, заўважыў Папа, “адарванасць ад граху і свецкасці”.
Іншы аспект навяртання, на які звярнуў увагу Пантыфік, – гэта пошук Бога і Яго Валадарства. “Адмова ад камфорту і свецкага менталітэту не з’яўляецца самамэтай, але накіравана на дасягненне нечага большага: Божага Валадарства, камуніі з Богам, сяброўства з Богам. Але гэта няпроста, таму што існуе мноства рэчаў, якія набліжаюць нас да граху: непастаянства, расчараванне, злосць, шкоднае асяроддзе, дрэнны прыклад. Часам цяга, якую мы адчуваем да Пана, занадта слабая і амаль здаецца, што Бог маўчыць; Яго абяцанні суцяшэння падаюцца нам далёкімі і нерэальнымі (...). І тады ў нас узнікае спакуса сказаць, што немагчыма па-сапраўднаму навярнуцца”, - звярнуў увагу Францішак.
Папа прапанаваў у такіх выпадках, перш за ўсё, памятаць, “што навяртанне – гэта ласка, і прасіць у Бога сілы”. “Мы навяртаемся па-сапраўднаму ў той ступені, у якой адкрываемся на прыгажосць, дабро і пяшчоту Бога”, - заўважыў ён.
“Найсвяцейшая Марыя, якую паслязаўтра будзем ушаноўваць ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця, няхай дапамагае нам усё больш і больш аддзяляцца ад граху і мірскога і адкрывацца для Бога, Яго слова, Яго любові, якая аднаўляе і збаўляе”, - завяршыў сваё разважанне Францішак.