Папа падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Ірака Бархамам Салехам Папа падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Ірака Бархамам Салехам 

Францішак адправіцца з Апостальскім візітам у Ірак

З’явілася інфармацыя аб першым замежным падарожжы Пантыфіка пасля перапынку, звязанага з пандэміяй каронавіруса. Ён плануе адправіцца на Блізкі Усход.

“Прымаючы запрашэнне Рэспублікі Ірак і мясцовага Каталіцкага Касцёла, Францішак здзейсніць Апостальскае падарожжа ў вышэйзгаданую краіну з 5 па 8 сакавіка 2021 г., наведваючы Багдад, раўніну Ур, звязаную з памяццю Абрагама, Эрбіл, а таксама Масул і Каракаш на раўніне Нінэвія”, - гаворыцца ў афіцыйнай заяве Залы Друку Святога Пасаду.

Праграма падарожжа будзе апублікавана пазней. Яна будзе ўлічваць развіццё надзвычайнай сітуацыі ў галіне аховы здароўя.

Трэба нагадаць, што 25 студзеня 2020 г. Папа прымаў у Ватыкане Прэзідэнта Ірака Бархама Салеха. Тады было заяўлена, што перад краінай стаяць праблемы садзейнічання стабільнасці і працэсу рэканструкцыі, якія прадугледжваюць шлях дыялогу і пошук адэкватных рашэнняў на карысць грамадзян і нацыянальнага суверэнітэту. Цэнтральнае месца тут займае важнасць захавання гістарычнай прысутнасці хрысціян і неабходнасць гарантавання іх бяспекі і месца ў будучыні краіны.

У Іраку да 2003 г., перад канфліктам, які прывёў да падзення Садама Хусэйна, было каля 1,4 млн хрысціян. Жах вайны і акупацыя Нінэвійскай раўніны тэрарыстычнай Ісламскай дзяржавай у перыяд з 2014 г. па 2017 г. скараціў іх колькасць прыблізна да 300-400 тыс. Прэзідэнт Салех неаднаразова падкрэсліваў каштоўнасць хрысціян і іх ролю ў грамадстве, а прэм’ер-міністр Мустафа Аль Казымі запрасіў хрысціян, якія пакінулі Ірак, вярнуцца, каб зрабіць свой уклад у рэканструкцыю краіны.

Аднак мір, бяспека і стабільнасць усё яшчэ застаюцца марамі. Эканамічны крызіс, беспрацоўе, карупцыя і каля 2 млн унутрана перамешчаных асоб – сапраўдныя выклікі для Ірака. Паводле ацэнак UNICEF, больш за 4 млн чалавек маюць патрэбу ў гуманітарнай дапамозе, палова з іх – дзеці. У сітуацыі, калі не хапае бальніц і лекаў, пандэмія COVID-19 забівае тысячы людзей.

Апостальскі візіт у Ірак, з 1 па 3 снежня 1999 г., павінен быў стаць першым этапам пілігрымкі Яна Паўла ІІ у Вялікі юбілей 2000-годдзя хрысціянства. Але ён не быў рэалізаваны, паколькі Садам Хусэйн пасля некалькіх месяцаў перамоў не даў сваёй згоды на яго.
 

07 снежня 2020, 12:28