Францішак падчас агульнай аўдыенцыі Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 

Францішак: чалавек малітвы не паварочваецца да свету плячамі

Малітва без любові да бліжняга – гэта не сур’ёзна; вернік павінен не асуджаць, а маліцца, за ўсіх, “бо мы ўсе браты па ўразлівасці, пакутах і грэшнасці”, - заўважыў Папа 16 снежня 2020 г. падчас агульнай аўдыенцыі.

У катэхезе Пантыфік звярнуў увагу на тое, што “чалавек, які моліцца, ніколі не паварочваецца да свету плячамі”, бо “калі малітва не ўбірае ў сябе радасць і пакуты, надзею і трывогу чалавецтва, яна становіцца “дэкаратыўным”, павярхоўным, сентыментальным дзействам”.

“Мы ўсе маем патрэбу ў клопаце аб нашым унутраным свеце: патрабуем адасобленага месца і часу, прысвечанага нашым адносінам з Богам. Але гэта не ўцёкі ад рэальнасці. У малітве Бог “бярэ, благаслаўляе, а потым ломіць і раздае” нас, каб наталіць голад усіх. Такім чынам кожны хрысціянін пакліканы станавіцца ў руках Бога хлебам, паламаным і падзеленым”, - падкрэсліў Францішак падчас традыцыйнай сустрэчы, якая прайшла ў форме відэатрансляцыі з Ватыкана.

Святы Айцец заўважыў, што людзі малітвы шукаюць адзіноты і цішыні не для таго, каб іх ніхто не турбаваў, але каб лепш чуць голас Бога. “Часам яны аддаляюцца ад свету ў таемнасць свайго пакою, як раіў Езус, але дзе б яны не былі, яны заўсёды трымаюць расчыненымі дзверы свайго сэрца: для тых, якія моляцца, але не ўмеюць маліцца; для тых, якія не моляцца, але носяць у сабе заглушаны крык, схаваны вокліч; для тых, якія памыліліся і згубілі шлях… Кожны можа пастукаць у дзверы чалавека малітвы і знайсці спагадлівае сэрца, якое моліцца не выключаючы нікога”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што ў малітоўнай адзіноце “мы аддаляемся ад усяго і ўсіх, каб знайсці ўсё і ўсіх у Богу”. “Чалавек малітвы моліцца за ўвесь свет, несучы на сваіх плячах пакуты і грахі. Ён моліцца за ўсіх і кожнага, застаючыся падобным на Божую “антэну” ў гэтым свеце. У кожным бедным, які стукае ў дзверы, у кожным, хто згубіў сэнс жыцця, чалавек малітвы бачыць аблічча Хрыста”, - звярнуў увагу Папа.

Святы Айцец нагадаў, што цэнтральнае месца ў малітве прадвызначана чалавеку, а “той, хто не любіць брата, не моліцца па-сур’ёзнаму”. Вернікі павінны не асуджаць, а маліцца, за ўсіх, у тым ліку за сябе, “бо мы ўсе браты па ўразлівасці, пакутах і грэшнасці”.

“Свет крочыць наперад дзякуючы гэтаму ланцугу людзей малітвы, якія заступаюцца, застаючыся, часцей за ўсё, невядомымі… але не для Бога! Ёсць шмат невядомых хрысціян, якія ў часы пераследу паўтаралі словы нашага Пана: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць”, - заўважыў Папа.

Добры пастыр застаецца верным нават перад абліччам грахоўнасці свайго народа: ён працягвае заставацца айцом, нават калі дзеці аддаляюцца і пакідаюць яго; ён служыць як пастыр нават тым, хто прымушае яго пэцкай рукі; ён не закрывае сэрца перад тымі, хто можа прымусіць яго пакутаваць, - падкрэсліў Пантыфік.

“Касцёл ва ўсіх сваіх членах мае місію, якая заключаецца ў заступніцкай малітве: заступацца за ўсіх. У прыватнасці гэты абавязак ляжыць на асобах, надзеленых асаблівай адказнасцю: бацьках, выхавальніках, святарах, настаяцелях супольнасцей… Як Абрагам і Майсей, часам яны павінны абараняць перад Богам людзей, даручаных ім. Насамрэч гаворка ідзе пра тое, каб глядзець на іх вачыма і сэрцам Бога, з такой жа непераможнай спагадай і ласкавасцю”, - патлумачыў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што мы ўсе з’яўляемся лісцем аднаго дрэва, і калі нехта ад гэтага дрэва адрываецца, мы павінны праявіць да яго спагаду, умацоўваючы яе ўзаемнай малітвай. “Будзем жа маліцца адно за аднаго! Гэта будзе карысна нам і ўсім”, - завяршыў катэхезу Пантыфік.
 

16 снежня 2020, 11:16