Францішак да кліматычнага саміту: прыйшоў час змяніць курс
Францішак скіраваў відэапасланне ўдзельнікам Кліматычнага саміту высокага ўзроўню, арганізаванага 12 снежня 2020 г. Вялікабрытаніяй і Францыяй у партнёрстве з Чылі і Італіяй.
“І пандэмія, і кліматычныя змены, якія маюць не толькі экалагічнае, але і этычнае, сацыяльнае, эканамічнае і палітычнае значэнне, уплываюць, перш за ўсё, на жыццё самых бедных і ўразлівых груп насельніцтва”, - заўважыў Папа. Ён лічыць, што ў дадатак да прыняцця мер, якія нельга адкладаць на заўтра, неабходная стратэгія па скарачэнні выкідаў вуглякіслага газу да нуля. Пантыфік агучыў два прынцыпы, рэалізуючы якія Апостальская Сталіца плануе дасягнуць гэтай мэты.
З аднаго боку, Дзяржава Ватыкан імкнецца скараціць выкіды вуглякіслага газу да нуля да 2050 г., актывізуючы намаганні па ахове навакольнага асяроддзя, якія ўжо робяцца на працягу некалькіх гадоў. Гаворка ідзе, напрыклад, пра рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, энергаэфектыўнасць, эканоміку завершанага цыкла.
З іншага боку, “Апостальская Сталіца імкнецца садзейнічаць развіццю адукацыі на карысць інтэгральнай экалогіі”, паколькі “палітычныя і тэхнічныя меры павінны спалучацца з адукацыйным працэсам, які спрыяе культурнай мадэлі развіцця і ўстойлівасці з улікам братэрства і саюза паміж чалавекам і навакольным асяроддзем”.
Францішак нагадаў, што дзейнічаючы менавіта ў гэтым ключы ён ініцыяваў Глабальную адукацыйную дамову, у якую ўключыліся каталіцкія школы і ўніверсітэты, дзе вучацца больш за 70 млн чалавек на ўсіх кантынентах. Таксама Папа падтрымаў праект “Эканоміка Францішка”, у рамках якога маладыя эканамісты, прадпрымальнікі, эксперты ў фінансах і бізнесе прасоўваюць новыя шляхі пераадолення “энергетычнай беднасці”, ставяць клопат пра агульнае дабро ў цэнтры нацыянальнай і міжнароднай палітыкі, і гэта, дзякуючы выкарыстанню адпаведных перадавых тэхналогій, можа паспрыяць устойлівай вытворчасці нават у краінах з нізкім узроўнем даходу”.
“Прыйшоў час змяніць курс. Не будзем красці надзею на лепшую будучыню ў новых пакаленняў”, - заклікаў Папа палітыкаў і эканамістаў у канцы свайго відэапаслання.