Інтэнцыя Папы: малітва здольная перамяняць сэрцы і рэчаіснасць
У час, пазначаны сусветнай пандэміяй каронавіруса, Святы Айцец указвае на “ключавую ўмову ўваходу ў дыялог з Нябесным Айцом”, якой з’яўляецца малітва. Папа перакананы, што дзякуючы малітоўнаму жыццю можна перажываць асабістыя і глыбокія стасункі з Езусам.
Раней Святы Айцец ужо не раз звяртаўся да гэтай тэмы. Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 4 лістапада 2020 г. ён заўважыў, што “Езус падчас свайго публічнага жыцця няспынна звяртаўся да сілы малітвы”. Пра Яго адыходы ў пустынныя месцы для размовы з Нябесным Айцом згадваюць тэксты Евангелляў. І хоць звесткі пра гэта стрыманыя і скупыя, яны, тым не менш, сведчаць, “што ў моманты найбольшага прысвячэння сябе бедным і хворым Езус не спыняў свайго ўнутранага дыялогу з Айцом”.
На працягу снежня Пантыфік заклікаў маліцца, каб нашая асабістая сувязь з Езусам Хрыстом жывілася Божым Словам і малітоўным жыццём.