Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік благаславіў фігуркі Дзіцятка Езуса для ясляў

Святы Айцец благаславіў фігуркі Дзіцятка Езуса, якія вернікі размесцяць у яслях Божага Нараджэння. Гэта адбылося пасля малітвы “Анёл Панскі” 13 снежня 2020 г. у Ватыкане.

У трэцюю нядзелю Адвэнта Папа па традыцыі благаслаўляе фігуркі Дзіцятка Езуса, якія дзеці прыносяць на плошчу св. Пятра. У сувязі з надзвычайнай эпідэміялагічнай сітуацыяй сёлета ад імя ўсіх сем’яў і дзяцей Рыма ў Ватыкан прыбыла толькі невялікая група.

“У гэтым годзе па прычыне пандэміі вас прыйшло няшмат, але я ведаю, што шматлікія дзеці і падлеткі сабраліся ў араторыях і сваіх дамах і сочаць за намі з дапамогай сродкаў камунікацыі. Да кожнага скіроўваю маё прывітанне і благаслаўляю фігуркі Езуса, які вы змесціце ў яслях на знак надзеі і радасці”, - сказаў Пантыфік.

“Калі будзеце маліцца дома з вашымі роднымі перад яслямі, дазвольце, каб вас прывабіла ласкавасць Дзіцятка Езуса, які нарадзіўся бедным сярод нас, каб адарыць нас сваёй любоўю”, - дадаў Святы Айцец.

Папа пажадаў вернікам добрай нядзелі і заклікаў не забываць быць радаснымі. “Хрысціянін захоўвае радасць у сэрцы нават падчас выпрабаванняў, Ён радасны, таму што блізкі да Езуса, які адарае радасцю нас”, - дадаў Пантыфік.
 

13 снежня 2020, 12:43