Францішак прымае даверчыя граматы новых паслоў Францішак прымае даверчыя граматы новых паслоў  

Пантыфік прыняў даверчыя граматы новых паслоў пры Святым Пасадзе

4 снежня 2020 г. Францішак прыняў даверчыя граматы паслоў Іарданіі, Казахстана, Замбіі, Маўрытаніі, Узбекістана, Мадагаскара, Эстоніі, Руанды, Даніі і Індыі, акрэдытаваных пры Апостальскай Сталіцы.

На пачатку свайго звароту Папа выказаў павагу кіраўнікам гэтых дзяржаў і запэўніў у малітвах за іх грамадзян.

Пантыфік звярнуў увагу, што дыпламаты “пачынаюць місію ў час вялікіх выклікаў, якія стаяць перад усёй чалавечай сям’ёй”. “Яшчэ перад успышкай COVID-19 было відавочна, што 2020 г. стане годам надзённых гуманітарных патрэб з прычыны канфліктаў, насілля і тэрарызму ў розных частках нашага свету. Эканамічны крызіс выклікае голад і масавую міграцыю, а змяненне клімату павышае рызыку стыхійных бедстваў, голаду і засухі”, - адзначыў Францішак.

Ён з жалем заўважыў, што пандэмія ўзмацняе няроўнасць, якая ўжо існуе ў грамадстве, паколькі бедных і найбольш уразлівых выключаюць і забываюць, імі грэбуюць. Крызіс прымусіў нас зразумець, што “мы ўсе знаходзімся ў адной лодцы, усе ўразлівыя і дэзарыентаваныя, але адначасова важныя і патрэбныя, пакліканыя веславаць разам, патрабуючыя ўзаемнага суцяшэння”.

“Сёння, магчыма, як ніколі, наш глабалізаваны свет тэрмінова патрабуе шчырага і паважлівага дыялогу і супрацоўніцтва, здольных аб’яднаць нас у супрацьстаянні сур’ёзным пагрозам для нашай планеты, і закласці будучыню маладых пакаленняў”

, - падзяліўся Святы Айцец.

Ён нагадаў сваё прагненне, сфармуляванае ў энцыклікі Fratelli Tutti: “каб у гэты час, калі нам выпала жыць, мы змаглі, шануючы годнасць кожнай чалавечай асобы, нанава ажывіць ва ўсіх сусветнае імкненне да братэрства” (№ 8).

“Прысутнасць Апостальскай Сталіцы ў міжнароднай супольнасці служыць агульнасусветнаму дабру, праз акцэнтаванне антрапалагічных, этычных і рэлігійных аспектаў розных пытанняў, якія ўплываюць на жыццё людзей, народаў і цэлых нацый”, - падкрэсліў Францішак.

Ён выказаў спадзяванне, што праца дыпламатаў “будзе садзейнічаць развіццю “культуры сустрэчы”, неабходнай для пераадолення рознагалосся і падзелаў, якія так часта перашкаджаюць рэалізацыі высокіх ідэалаў і мэт, прапанаваных міжнароднай супольнасцю”.

“Фактычна кожнаму з нас прапануецца штодня працаваць на карысць пабудовы ўсё больш справядлівага, братэрскага і адзінага свету”

, - звярнуў увагу Папа.

Ён запэўніў новых паслоў у гатоўнасці службаў Апостальскай Сталіцы дапамагаць ім у рэалізацыі місіі.

Святы Пасад падтрымлівае дыпламатычныя адносіны на розных узроўнях з 183 краінамі і арганізацыямі. Сваіх асобных дыпламатаў пры Святым Пасадзе маюць 89 краін. Астатнія дзяржавы прадстаўляюць паслы па сумяшчальніцтве.
 

04 снежня 2020, 11:44